Святы Пасад скіраваў пасланне на Дзень кансэкраванага жыцця
Аляксандр Панчанка – Vatican News
З нагоды XXVI Дня кансэкраванага жыцця, які будзе адзначацца 2 лютага 2022 года, прэфект Кангрэгацыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, кардынал Жуан Брас дэ Авіс, і сакратар узгаданай дыкастэрыі, арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбальё, скіравалі адмысловае пасланне да кансэкраваных асоб ва ўсім свеце.
У дакуменце падкрэсліваецца, што сінадальны шлях, які нядаўна пачаўся ў Касцёле, прысвечаны тэме камуніі, удзелу і місіі, заклікаючы ўсе супольнасці быць бачным выразам адзінства ў любові.
Кардынал Брас дэ Авіс і арцыбіскуп Карбальё, падкрэслілі, што да ўдзелу ў сінадальным падарожжы запрашаюцца ўсе, несучы “багацце харызматаў і жыцця, не хаваючы цяжкасцей і ран”. “Тады наш удзел стане адказнасцю: мы не можам адсутнічаць, не можам не быць разам з іншымі, а тым больш не можам не ўдзельнічаць у пакліканні стаць сінадальным Касцёлам”, - напісалі іерархі, падкрэсліваючы, што “сінадальнасць пачынаецца з нас саміх: ад уласнага навяртання, змены ладу мыслення, братэрства, нашага служэння і місіі”.
У дакуменце адзначаецца, што удзел становіцца суадказнасцю, якая тычыцца Касцёла не толькі як арганізацыі, але таксама яго прыроды, адзінства і галоўнага сэнсу: місійнай мары дасягнуць усіх, клопату пра ўсіх, адчування сябе братамі і сёстрамі, быцця разам у жыцці і гісторыі, якая з’яўляецца гісторыяй збаўлення.