Архіепіскап Шаўчук падчас сустрэчы з Францішкам Архіепіскап Шаўчук падчас сустрэчы з Францішкам 

Францішак аб Украіне: зраблю ўсё, што ў маіх сілах

Як паведаміў сакратарыят Архіепіскапа Кіева-Галіцкага, 25 лютага 2022 года каля 18.30 па кіеўскім часе Папа патэлефанаваў архіепіскапу Святаславу Шаўчуку, запэўніўваючы яго ў намаганнях па аднаўленні міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як паведамляецца на сайце Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, падчас тэлефоннай размовы Францішак папрасіў распавесці пра сітуацыю, якая склалася ў Кіеве, дзе зараз знаходзіцца грэка-каталіцкі іерарх, і ва ўсёй Украіне. Святы Айцец таксама пацікавіўся лёсам біскупаў і святароў на тэрыторыях, найбольш пацярпелых ад расійскай ваеннай аперацыі. Папа падзякаваў украінскім грэка-католікам за іх блізкасць да ўкраінскага народа, за выбар быць з народам, а таксама за тое, што крыпта сабора ў Кіеве стала сховішчам для людзей.

Папа запэўніў у сваёй блізкасці, падтрымцы і малітве за Украіну. “Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах”, - прыводзіць цытату Пантыфіка сакратарыят Архіепіскапа Кіева-Галіцкага ў Рыме. Завяршаючы тэлефонны званок, Францішак удзяліў апостальскае благаслаўленне ўкраінскаму народу.

Раней архіепіскап Шаўчук вітаў візіт Святога Айца ў пасольства Расійскай Федэрацыі пры Святым Пасадзе, які адбыўся 25 лютага 2022 года. Кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы спадзяецца, “што размова стане штуршком да таго, каб дыялог пераважаў над ужываннем сілы”.
 

26 лютага 2022, 11:29