Францішак: святыя – нашы сябры ў небе

У Хрысце ніхто ніколі не зможа нас па-сапраўднаму адлучыць ад тых, каго любім, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 2 лютага 2022 года прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Завяршаючы цыкл катэхез, прысвечаных святому Юзафу, Францішак прапанаваў паразважаць над еднасцю святых – “важным аспектам веры, які можа ўзбагаціць наша хрысціянскае жыццё, а таксама палепшыць нашы адносіны са святымі і нашымі памерлымі блізкімі”.

Пантыфік зазначыў, што часам хрысціянства можа ўпадаць у такія формы пабожнасці, якія здаецца больш адлюстроўваюць язычніцкае мысленне, а не хрысціянскае”. “Фундаментальная адметнасць заключаецца ў тым факце, што наша малітва і пабожнасць вернага люду не грунтуецца на пакладанні надзеі на чалавека, на пэўны абраз або аб’ект, нават калі і ведаем, што яны з’яўляюцца святымі”, - сказаў Папа, нагадваючы словы прарока Ераміі: “Пракляты муж, які спадзяецца на чалавека, (...) Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана” (17,5-7).

“Таму, калі цалкам давяраемся заступніцтву нейкага святога, ці тым больш Панны Марыі, наш давер мае вартасць толькі ў адносінах да Хрыста”, - падкрэсліў Францішак, дадаўючы, што повязь, якая лучыць нас з Ім і паміж намі, мае асаблівую назву: “еднасць святых”. “Гэта не святыя здзяйсняюць цуды, а толькі Божая ласка дзейнічае праз іх”, - патлумачыў Святы Айцец, заўважаючы, што святыя – толькі пасярэднікі.

Папа спаслаўся на Катэхізіс, у якім гаворыцца, што Касцёл з’яўляецца менавіта еднасцю святых – супольнасцю не выбраных, а “збаўленых грэшнікаў”. “Наша святасць – гэта плён любові Бога, якая аб’явілася ў Хрысце. Ён нас асвячае, любячы нас у нашай мізэрнасці і выбаўляючы ад яе”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы словы святога Паўла, які вучыў, што дзякуючы Хрысту мы з’яўляемся адным целам, у якім Ён – галава, а мы – члены.

Францішак зазначыў, што “на моцы еднасці святых усе члены Касцёла заўсёды глыбока злучаны між сабой і гэта лучнасць настолькі моцная, што нават смерць не можа разарваць яе”. “Еднасць святых тычыцца не толькі братоў і сясцёр, якія знаходзяцца побач з намі ў гэты гістарычны момант, але таксама і тых, якія завяршылі сваю зямную пілігрымку і перакрочылі парог смерці. Таксама і яны знаходзяцца ў еднасці з намі. Браты і сёстры, давайце задумаемся: у Хрысце ніхто ніколі не зможа нас па-сапраўднаму адлучыць ад тых, каго любім... Змяняецца толькі спосаб быцця разам з імі, але нішто і ніхто не можа перарваць гэту повязь... Еднасць святых умацоўвае супольнасць вернікаў на зямлі і ў небе”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што ў такім сэнсе мы можам устанаўліваць сяброўскія адносіны не толькі з братамі і сёстрамі на зямлі, але таксама і ў небе. Святыя – гэта нашы сябры, - сказаў Папа, дадаючы, што да іх неабходна звяртацца, асабліва тады, калі маем цяжкасці і патрабуем дапамогі.

“Дзякуючы еднасці святых мы заўсёды адчуваем блізкімі нам святых мужчын і жанчын, якія з’яўляюцца нашымі апекунамі праз імя, якое носім, праз Касцёл, да якога належым, або праз месца, у якім жывём і г.д. І менавіта гэты давер павінен заўсёды натхняць нас, калі звяртаемся да іх у ключавыя моманты нашага жыцця”, - сцвердзіў Пантыфік.

Папа завяршыў катэхезу старажытнай малітвай да святога Юзафа, да якой асаблівым чынам прывязаны, і якую прамаўляе кожны дзень на працягу ўжо больш чым 40 гадоў: “Хвалебны Патрыярх, святы Юзэфе, сіла якога можа немагчымае зрабіць магчымым, прыйдзі мне на дапамогу ў гэтыя хвіліны трывогі і цяжкасці. Вазьмі пад тваю абарону шчаслівае вырашэнне вельмі сур’ёзных і складаных сітуацый, якія давяраю табе. Умілаваны ойча, увесь мой давер пакладаю на цябе. Няхай ніхто не скажа, што я дарэмна ўсклікаў да цябе, і паколькі можаш усё з Езусам і Марыя, пакажы, што дабрыня твая такая вялікая, як сіла твая. Амэн”.
 

02 лютага 2022, 10:35

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >