Папа падчас Анёл Панскі: клапаціцца пра чысціню позірку і мовы
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 27 лютага 2022 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Францішак пракаментаваў літургічны евангельскі ўрывак (Лк 6,39-45), у якім Езус заклікае людзей сачыць за сваім позіркам і мовай, кажучы знакамітыя словы: “Чаму ты бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш?”.
Францішак заклікаў спачатку ачысціць позірк, паглядзець на сябе і распазнаць уласныя недахопы, каб потым, глядзець на іншых так, як гэта робіць Бог: заўважаючы ў першую чаргу не зло, а дабро. “Бог заўсёды адрознівае чалавека ад яго грахоў. Заўсёды верыць у асобу і заўсёды гатовы прабачыць грахі. І да гэтага Ён запрашае нас: каб не шукалі ў іншых зло, а дабро”, - сказаў Святы Айцец.
Папа звярнуў увагу таксама на важнасць клопату пра мову, бо словамі можна не толькі рабіць дабро, але распальваць забабоны, узводзіць бар’еры і нават знішчаць нашых братоў і сясцёр.
“Таму, давайце падумаем пра тое, якія словы мы выкарыстоўваем: словы, якія выражаюць павагу, удзячнасць, разуменне, блізкасць, спагаду, ці словы, якія ў першую чаргу прызначаны для таго, каб мы самі выглядалі добра ў вачах іншых. І яшчэ: мы размаўляем з лагоднасцю ці забруджваем свет, праліваючы атруту праз крытыку, нараканні, умацаванне распаўсюджанай агрэсію?”, - спытаў Святы Айцец.