Папа Францішак і Патрыярх Барталамей І. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак і Патрыярх Барталамей І. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак павіншаваў Барталамея І з юбілеем абрання

Папа павіншаваў Барталамея І з 30-годдзем абрання на Канстантынопальскую кафедру. Ён зрабіў гэта 10 лютага 2022 года ў форме відэазвароту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак назваў Патрыярха сваім “сябрам і братам” і адзначыў, што “добрыя асабістыя адносіны” паміж імі нарадзілася ўжо ў дзень папскай інаўгурацыі, а “выспявалі ў братэрскім сяброўстве падчас шматлікіх сустрэч”, якія адбываліся ў Рыме, Канстантынопалі, Іерусаліме, Асізі, Каіры, на Лесбасе і ў Бары.

Двух іерархаў, як лічыць Францішак, аб’ядноўвае “ўсведамленне агульнай пастырскай адказнасці перад неадкладнымі выклікамі, з якімі сёння вымушана сутыкацца ўся чалавечая сям’я”.

“Я шчыра ўдзячны за прыхільнасць Усяленскага Патрыярха ахове стварэння і за яго разважанні на гэтую тэму, з якіх я так шмат даведаўся і на якіх працягваю вучыцца. З успышкай пандэміі і распаўсюджваннем яе драматычных наступстваў для здароўя, сацыяльнай і эканамічнай сфер, яго сведчанне і яго вучэнне аб неабходным духоўным навяртанні чалавека набылі яшчэ большую актуальнасць”, - адзначыў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу пра пастаянны напамін з боку Барталамея І аб неабходнасці “дыялогу ў міласэрнасці і ў праўдзе” як адзінага магчымага шляху да прымірэння паміж усімі хрысціянамі і для аднаўлення іх поўнай еднасці. У гэтым, паводле яго, дапаможа “агульнае перакананне, што блізкасць і салідарнасць паміж намі, хрысціянамі і паміж нашымі Цэрквамі, з’яўляюцца неабходным укладам ва ўсеагульнае братэрства і сацыяльнае сяброўства, у якіх так мае патрэбу чалавецтва”.
 

10 лютага 2022, 17:00