Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік благаславіў Бэнэдыктынскую паходню

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 23 лютага 2022 года прайшла ў Ватыкане, Францішак благаславіў Бэнэдыктынскую паходню. Сёлета яна здзейсніць пілігрымку па гарадах Іспаніі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

26 лютага паходня будзе ўрачыста запалена ў базыліцы святога Бэнэдыкта ў італьянскай Норчы (старажытнай Нурсіі) – родным горадзе апекуна Еўропы, які моцна пацярпеў ад землятрусу ў 2016 годзе. Затым яна адправіцца ў Іспанію, дзе з 3 па 8 сакавіка будзе пранесена па гарадах на шляху ад Мадрыда да Сант’яга-дэ-Кампастэла.

З нагоды прыбыцця Бэнэдыктынскай паходні на Іберыйскі паўвостраў пройдуць шматлікія мерапрыемствы з удзелам папскіх устаноў і мясцовых манаскіх супольнасцей. Адбудзецца прэзентацыя турыстычнага і пілігрымкавага брэнду “Землі святога Бэнэдыкта”, які аб’ядноўвае тры італьянскія гарады, звязаныя з постаццю Апекуна Еўропы: Норчу, Субіяка і Касіна.

Перыгрынацыя Бэнэдыктынскай паходні праводзіцца ў рамках ініцыятывы пад назвай Pro Pace et Europa Una (За мір і адзіную Еўропу), якая ўзнікла пасля таго, як у 1964 годзе Павел VI абвясціў святога Бэнэдыкта Апекуном Еўропы.
 

23 лютага 2022, 11:51