Папа: вера не праганяе страх смерці, а дапамагае сустрэцца з ёй

Толькі дзякуючы веры ва ўваскрасенне Хрыста мы можам падысці да бездані смерці без страху, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 9 лютага 2022 года прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У катэхезе Францішак заўважыў, што Божы народ здаўна ўшаноўваў святога Юзафа, як апекуна добрай смерці. Гэта пабожнасць грунтуецца на меркаванні, што ён памёр на руках Панны Марыі і Езуса, перш чым яны пакінулі дом у Назарэце. Папа нагадаў словы Бэнэдыкта XV, які стагоддзе таму пісаў, што “праз Юзафа мы ідзем непасрэдна да Марыі, а праз Марыю – да крыніцы ўсякай святасці, да Езуса”. Гэты Пантыфік таксама заклікаў біскупаў падтрымліваць і пашыраць брацтвы і супольнасці, якія моляцца ў інтэнцыі добрай смерці і за паміраючых.

“Дарагія браты і сёстры, магчыма некаторыя з нас думаюць, што гэта тэма з'яўляецца проста спадчынай мінулага, але на самай справе нашы адносіны са смерцю ніколі не звязаны з мінулым, яны звязаны з сённяшнім днём”, - сказаў Францішак, заўважаючы, што “так званая культура “дабрабыту” намагаецца схаваць рэальнасць смерці, але яна была рэзка падкрэслена пандэміяй каронавіруса”. “Многія браты і сёстры згубілі дарагіх людзей, без магчымасці быць побач з імі, і гэта зрабіла смерць яшчэ больш цяжкай да прыняцця і асэнсавання”, - дадаў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што людзі імкнуцца рознымі спосабамі аддаліць ад сябе думкі пра смерць, думаючы, што такім чынам змогуць “пазбавіць смерць сілы і прагнаць страх”. Хрысціянская вера, аднак, “не выбаўляе ад страху смерці, а дапамагае нам сустрэцца з ёй”. “Сапраўднае святло, якое асвятляе таямніцу смерці паходзіць з уваскрасення Хрыста”, бо “толькі дзякуючы веры ва ўваскрасенне Хрыста мы можам падысці да бездані смерці без страху”. “Больш за тое: мы можам надаць смерці станоўчую ролю, бо разважанне пра яе, асвечанае таямніцай Хрыста, дапамагае нам паглядзець новымі вачыма на ўсё жыццё”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што перад абліччам непазбежнасці смерці бессэнсоўнай назапашваць матэрыяльныя даброты: варта “назапашваць любоў, здольнасць дзяліцца, не заставацца абыякавымі перад абліччам людскіх патрэб”. Таксама няма сэнсу у сварках з братам, сястрой, сябрам, сваяком, ці братам і сястрой у веры, калі мы аднойчы памром. “Перад абліччам смерці многія пытанні пераацэньваюцца: лепш памерці прымірыўшыся, не пакідаючы крыўд і шкадаванняў!”, - сказаў ён.

Францішак звярнуў увагу на два актуальныя аспекты, звязаныя са смерцю. Першы заключаецца ў тым, што смерці немагчыма пазбегнуць, і менавіта таму, “настойлівая тэрапія” становіцца амаральнай пасля таго як зрабілі ўсё, што па-чалавечы магчыма для лячэння хворай асобы. Другі аспект тычыцца паліятыўнай медыцыны, якая дапамагае памерці па-чалавечы. Папа заўважыў, што яна не павінна блытацца з непрымальнымі падыходамі, якія вядуць да эўтаназіі.

“Мы павінны суправаджаць людзей падчас смерці, але не павінны выклікаць смерць ці садзейнічаць у якой-кольвечы форме самагубству. Нагадваю, што перавага павінна заўсёды надавацца праву на лячэнне і лячэнне для ўсіх, каб самыя слабыя, у прыватнасці пажылыя і хворыя, ніколі не спісваліся ва ўтыль”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што “правам чалавека з’яўляецца жыццё, а не смерць, якая павінна прымацца, а не ўдзяляцца”. Святы Айцец крытычна выказаўся пра падыход, у рамках якога адбываецца ўскоснае “вынішчэнне” пажылых людзей, калі ім даюць менш лекаў, чым яны патрабуюць, каб прыспешыць іх смерць.

“Няхай святы Юзаф суправаджае нас у перажыванні таямніцы смерці найлепшым чынам. Для хрысціяніна добрая смерць з’яўляецца сустрэчай з міласэрнасцю Бога, які набліжаецца да таксама ў гэты апошні момант нашага жыцця”, - сказаў Папа, завяршаючы катэхезу малітвай за паміраючых.
 

09 лютага 2022, 11:00

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >