Пошук

Святы Айцец: няхай змоўкне зброя!

Вайна не можа быць сродкам супраць свабоды іншых народаў і спосабам вырашэння міжнародных супярэчнасцей, - сказаў Папа падчас малітвы Анёл Панскі, якая 27 лютага 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Дарагія браты і сёстры, у гэтыя дні мы былі ўзрушаны нечым трагічным – вайной. Мы вельмі шмат маліліся, каб не быў абраны гэты шлях. І не будзем спыняць малітву: больш за тое, давайце маліцца да Бога яшчэ мацней. Таму зноў заклікаю ўсіх правесці 2 сакавіка – у Папяльцовую сераду – Дзень малітвы і посту за мір ва Украіне. Дзень, калі будзем блізкімі да пакут украінскага народу, каб усе адчулі сябе братамі і прасілі Бога аб заканчэнні вайны”, - сказаў Францішак.

“Той, хто вядзе вайну, забывае пра чалавечнасць. Ён не думае пра людзей, не зважае на канкрэтнае жыццё людзей, але ставіць на першае месца прыватныя інтарэсы і ўладу, давяраецца д’ябальскай і скажонай логіцы зброі, якая з’яўляецца найбольш далёкай ад Божай волі і аддаляе ад звычайных людзей, якія жадаюць міру. У кожным канфлікце сапраўднай ахвярай з’яўляюцца звычайныя людзі, якія плацяць кошт вар’яцтва вайны. Я думаю пра пажылых людзей, пра тых, хто зараз шукае сховішча, пра маці, якія ўцякаюць разам са сваімі дзецьмі. Гэта браты і сёстры, для якіх трэба адкрыць гуманітарныя калідоры, якія павінны быць прыняты.

З сэрцам, якое разрываецца ад таго, што адбываецца ва Украіне, давайце не будзем забываць пра войны ў іншых частках свету: у Емене, Сірыі, Эфіопіі. Паўтараю: няхай змоўкне зброя! Бог – на баку міратворцаў, а не тых, хто выкарыстоўвае насілле, бо той, хто любіць мір, як сцвярджае Канстытуцыя Італіі, “адмаўляе вайну як сродак супраць свабоды іншых народаў і як спосаб вырашэння міжнародных супярэчнасцей”, - сказаў Святы Айцец, пасля чаго схіліў галаву і памаліўся ў цішыні.

Вітаючы пілігрымаў, прысутных на плошчы святога Пятра, Францішак звярнуў увагу на шматлікія ўкраінскія сцягі, а затым звярнуўся з хрысціянскімі прывітаннем на ўкраінскай мове: “Пахвалёны Езус Хрыстус!”

27 лютага 2022, 12:50

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >