Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак здзейсніў рэформу Кангрэгацыі Веравучэння

14 лютага 2022 года быў абнародаваны Апостальскі ліст папы Францішка ў форме motu proprio пад назвай Fidem servare, якім была зменена ўнутраная структура Кангрэгацыі Веравучэння.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец выразна размежаваў дактрынальную і дысцыплінарную кампетэнцыі ватыканскага ведамства, стварыўшы ў ім дзе асобны секцыі: Дактрынальную і Дысцыплінарную. Кожная з іх будзе каардынавацца асобным сакратаром, які будзе дапамагаць прэфекту ў канкрэтнай галіне сваёй кампетэнцыі, у супрацоўніцтве з намеснікам сакратара і адпаведнымі кіраўнікамі аддзелаў.

Мэта рэформы – надаць належную важнасць дактрынальнаму аспекту дзейнасці Кангрэгацыі і яе фундаментальнай ролі ў перадачы веры, не прымяншаючы яе дысцыплінарных паўнамоцтваў: менавіта гэта структура на працягу дзесяцігоддзяў расследуе выпадкі сексуальных злоўжыванняў і іншыя злачынствы.

Францішак патлумачыў, што Дактрынальная секцыя будзе займацца пытаннямі, “звязанымі з прасоўваннем і абаронай веравучэння і маралі”, спрыяць “даследаванням, скіраваным на паглыбленне разумення і перадачы веры на службе евангелізацыі, каб яе святло было крытэрыем разумення сэнсу жыцця, асабліва перад абліччам пытанняў, якія ставіць навуковы прагрэс і развіццё грамадства”.

Дактрынальная секцыя будзе “вывучаць дакументы, якія павінны быць апублікаваны іншымі дыкастэрыямі”, а таксама тэксты і меркаванні, якія “здаюцца праблематычнымі для правільнай веры”, спрыяючы дыялогу з іх аўтарамі і прапануючы належныя рашэнні.

Гэтай секцыі даручана таксама заданне вывучаць пытанні, звязаныя з Персанальнымі ардынарыятамі для былых англікан і кіраванне Аддзелам па справах сужэнства, які займаецца пытаннямі, звязанымі з так званым privilegium fidei (скасаванне сужэнства, заключанага паміж неахрышчанымі асобамі дзеля дабра веры боку, які прыняў хрост).

Дысцыплінарная секцыя будзе займацца пытаннямі, звязанымі са злачынствамі, што знаходзяцца ў кампетэнцыі Кангрэгацыі і разглядаюцца праз створаны пры ёй Найвышэйшы Апостальскі Трыбунал. Секцыя мае заданне падрыхтоўваць і распрацоўваць працэдуры, прадугледжаныя кананічнымі нормамі, каб Кангрэгацыя, у яе розных інстанцыях (Прэфекта, Сакратара, Прамотара справядлівасці, Кангрэсу, Звычайнай сесіі, Калегіі па разглядзе апеляцый адносна delicta graviora), магла спрыяць слушнаму ажыццяўленню правасуддзя.

Для гэтай мэты, Дысцыплінарная секцыя будзе прасоўваць “адпаведныя фармацыйныя ініцыятывы”, адрасаваныя біскупам і асобам, якія працуюць у сферы права, “каб спрыяць належнаму разуменню і ўжыванню кананічных норм, якія тычацца іх сферы кампетэнцыі”, - гаворыцца ў папскім дакуменце.
 

14 лютага 2022, 12:35