Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Умацаванне купалу, аднаўленне жывапісу – стала вядома пра планы работ у будслаўскім касцёле на 2022 і наступныя гады. Нацыянальны санктуарый паведаміў у сваім Instagram, што першапачатковая задача – завяршыць умацаванне купала, а пры наяўнасці сродкаў – аднавіць купальны жывапіс. Таксама сёлета працягнецца комплекс навукова-даследчых работ і маніторынг стану канструкцый, праектныя працы. Планы на наступныя гады – умацаванне падмуркаў. Сцены і скляпенні маюць шмат расколін, таму іх таксама будуць умацоўваць. Часовае пакрыццё даху дэмантуюць і зробяць сталы дах да 2024 г. Найбольш працяглы працэс – рэстаўрацыя інтэр'ераў, якая запланавана на 2024-2033 гг. Пытанне аб рэстаўрацыі аргана пакуль застаецца адкрытым. Таксама паведамляецца, што на працы сабрана амаль 1,4 млн рублёў, асноўная частка – ахвяраванні ад фізічных асоб.

Сінадальная кансультацыя ў Беларусі працягнута да канца лютага 2022 г. Паводле старшыні Сінадальнай камісіі пры біскупскай канферэнцыі біскупа Аляксандра Яшэўскага, такое рашэнне прынялі па просьбе святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў, а асабліва моладзі. Пакуль удзел у Сінадальнай кансультацыі ва ўсіх дыяцэзіях узялі каля 120 асоб. Гэта вельмі маленькая група, адзначае іерарх, таму запрашае ахвотных далучыцца да дыяцэзіяльнага этапу Сіноду біскупаў і адказаць на прапанаваныя ў анкеце пытанні.

У Мінску з удзелам біскупаў прайшоў Агульнабеларускі дзень кансэкраванага жыцця. Мерапрыемства 31 студзеня 2022 г. распачалося ў катэдральным касцёле з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, пасля чаго адбылася св. Імша. Цэлебрацыю ўзначаліў старшыня епіскапату Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі. А праз дзень, у свята Ахвяравання Пана, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў у катэдральным касцёле цэлебрацыю св. Імшы ў інтэнцыі кансэкраваных асоб, якія нясуць служэнне ў архідыяцэзіі.

Фармацыйны курс для студэнтаў і працуючай моладзі зладзілі ў Оршы. Айцы марыяне сабралі маладых людзей з 28 па 30 студзеня 2022 г. на курсе Filii Mariae, што перакладаецца з лацінская мовы як Дзеці Марыі. Менавіта ў духу дзіцячай любові і адкрытасці ўдзельнікі імкнуліся да пазнання Бога праз Марыю і гісторыю яе жыцця. У ордэне марыянаў ёсць малітва – каронка 10 евангельскіх цнотаў Найсвяцейшай Панны Марыі. У праграме курса сумяшчаліся як канферэнцыі святароў, так і псіхалагічны майстар-клас, скрутацыя, штодзённая адарацыя і рэкрэацыйныя вечаровыя пункты праграмы. Курс працягнецца наступнымі сустрэчамі.

Удзельніцы малітоўнага руху Маці ў малітве здзейснілі пілігрымку ў Тракелі. У санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў 29 студзеня 2022 г. прыехалі жанчыны з розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі. Удзельніцы прайшлі Крыжовы шлях, пасля малітвы іх чакаў супольны абед. Радасць сустрэчы раздзяліў з матулямі кусташ санктуарыя кс. Юрый Бяганскі, які цэлебраваў св. Імшу, маліўся ў інтэнцыі ўсіх маці і за дзяцей, а таксама дзякаваў Богу за супольнасць.

Апублікавана праграма першага гарадскога фэсту Стаўпецкія Казюкі. Парафія св. Казіміра ў Стоўбцах абвясціла аб правядзенні фэсту ў гонар гэтага святога 6 сакавіка 2022 г. пры падтрымцы раённых уладаў. Раней свята ў парафіі абыходзілася парафіяльным адпустам, сёлета ж ладзіцца на гарадскім узроўні і ў больш шырокім фармаце: з урачыстай канцэртнай праграмай, выставамі і кірмашом. Падчас фэсту запланаваныя розныя майстар-класы - рамесніцкія, мастацкія, беларускіх танцаў - гандаль рамесніцкай і сувенірнай прадукцыяй, кулінарнымі вырабамі, прадукцыяй прадпрыемстваў.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

05 лютага 2022, 09:01