Падчас відэасустрэчы Папы з Патрыярхам Кірылам Падчас відэасустрэчы Папы з Патрыярхам Кірылам 

Адбылася відэасустрэча Папы з Патрыярхам Кірылам

16 сакавіка 2022 года, у другой палове дня, Францішак меў размову з Патрыярхам Кірылам. Яна была сканцэнтравана вакол тэмы вайны ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пантыфіка і Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы суправаджалі адпаведна кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, і Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага Патрыярхату.

Кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Матэа Бруні, адказваючы на пытанні журналістаў, паведаміў, што цэнтральнай тэмай віртуальнай сустрэчы стала “вайна ва Украіне і роля хрысціян і іх пастыраў у тым, каб зрабіць усё для таго, каб панаваў мір”.

Пантыфік пагадзіўся з Патрыярхам, што “Царква павінна карыстацца не мовай палітыкі, а мовай Езуса". “Мы з'яўляемся пастырамі таго ж Святога Народа, які верыць у Бога, у Найсвяцейшую Тройцу, у Святую Багародзіцу, таму мы павінны аб'яднацца ў намаганні дапамагчы ў рэалізацыі міру, дапамагчы тым, хто пакутуе, павінны шукаць шляхі міру і спынення агню”, - адзначыў Францішак.

Суразмоўцы падкрэслілі "выключную важнасць бягучага перамоўнага працэсу”, паколькі, як падкрэсліў Папа, самую вялікую цану на гэтай вайне плацяць расійскія салдаты і людзі, якія гінуць пад бамбёжкамі.

“Як пастыры, мы абавязаны заставацца побач і дапамагаць усім людзям, якія пакутуюць ад вайны. Калісьці ў нашых Касцёлах таксама гаварылі аб святой ці справядлівай вайне. Сёння мы не можам так казаць. Развіваецца хрысціянскае ўсведамленне важнасці міру”, - працягнуў Святы Айцец.

Францішак і Кірыл пагадзіліся з тым, што “Цэрквы пакліканы спрыяць умацаванню міру і справядлівасці”. Папа заключыў: “Войны заўсёды несправядлівыя. Бо той, хто плаціць, – гэта народ Божы. Нашыя душы не могуць не плакаць бачачы дзяцей, забітых жанчын, усіх ахвяр вайны. Вайна ніколі не можа быць шляхам. Дух, які нас яднае, просіць нас, як пастыраў, дапамагчы людзям, якія пакутуюць ад вайны”.
 

16 сакавіка 2022, 19:18