Пошук

Анёл Панскі: ўмець радавацца за іншых

“Хто мае сэрца, якое рэзаніруе з Богам, радуецца, бачачы пакаянне чалавека, незалежна ад таго, наколькі сур’ёзныя яго памылкі”, - заўважыў Папа 27 сакавіка 2022 года ў разважанні перад малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак спаслаўся на прыпавесць пра блуднага сына (Лк 15, 11-32), якая чытаецца ў касцёлах падчас літургіі ІV Нядзелі Вялікага посту і распавядае пра любоў Бога да грэшнікаў.

Пантыфік нагадаў пра стаўленне старэйшага сына, які пратэстуе супраць міласэрнасці бацькі да яго брата. Папа апісаў яго адносіны з бацькам як далёкія, што парадаксальным чынам прымушае яго, а не брата, заставацца па-за домам. Ён падкрэсліў словы бацькі: “А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся” (Лк 15, 32).

Святы Айцец заўважыў, што быць радасным – значыць паказваць свае пачуцці тым, хто каецца або знаходзіцца на шляху да раскаяння, тым, хто перажывае крызіс і знаходзіцца далёка. “Колькі добрага можа зрабіць адкрытае сэрца, уменне па-сапраўднаму выслухаць, чыстая ўсмешка; трэба радавацца, а не прымушаць людзей адчуваць сябе нязручна!", - лічыць Папа.

Для людзей, чые сэрцы знаходзяцца ў згодзе з Богам, радасць прыходзіць ад пакаяння іншага чалавека, - звярнуў увагу Францішак. Трэба вучыцца атрымліваць асалоду ад таго, што прыносіць карысць, “бо карысць іншага чалавека – гэта і мая карысць”. “Ці можам мы так глядзець на іншых? Ці ўмеем мы радавацца за іншых?” - спытаў сабраных на плошчы святога Пятра Пантыфік.

“Няхай Дзева Марыя навучыць нас прымаць Божую міласэрнасць, каб яна стала святлом, дзякуючы якому мы глядзім на бліжняга”, - звярнуўся Францішак перад малітвай Анёл Панскі.
 

27 сакавіка 2022, 12:37

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >