Пошук

Анёл Панскі: Вялікі пост можа абудзіць нас ад унутранай млявасці

“Нам патрэбна святло Божае, якое прымушае нас бачыць рэчы па-іншаму, распальвае жаданне і сілу маліцца, зазірнуць у сябе, прысвяціць час іншым”, - сказаў Папа 13 сакавіка 2022 года ў разважанні перад Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак спаслаўся на Евангелле ІІ Нядзелі Вялікага посту (Лк 9, 28-36) пра Перамяненне Пана. Ён адзначыў, што гэтай падзеі папярэднічала малітва Езуса, падчас якой вучні, што Яго суправаджалі, заснулі. Гэтыя ж апосталы таксама заснулі ў Гефсіманіі, калі Езус маліўся ў страху перад агоніяй і прасіў іх не спаць (Мк 14, 37-41). "Магчыма, гэты недарэчны сон нагадвае нам многія нашы сны, якія авалодваюць намі ў самыя важныя для нас моманты?" - спытаў Святы Айцец.

Францішак звярнуў увагу, што менавіта Вялікі пост можа абудзіць нас ад унутранай млявасці. “Нам таксама патрэбна Божае святло, якое прымушае нас бачыць рэчы па-іншаму, прыцягвае нас, абуджае, распальвае жаданне і сілы маліцца, зазірнуць у сябе, прысвяціць час іншым. Мы можам перамагчы стомленасць цела сілай Божага Духа”, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец заахвоціў вернікаў чытаць, асабліва ў гэты перыяд, Святое Пісанне або глядзець на Распяцце і захапляцца Божай любоўю, якая мае моц змяніць нашы дні, надаць ім новы сэнс, іншае і нечаканае святло.

“Няхай Панна Марыя дапаможа нам захоўваць свядомасць нашых сэрцаў, каб мы маглі прыняць гэты перыяд ласкі, дадзены нам Богам”, - звярнуўся Францішак перад тым, як распачаць малітву Анёл Панскі.
 

13 сакавіка 2022, 12:25

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >