Падчас аўдыенцыі для Piccolo Coro dell’Antoniano Падчас аўдыенцыі для Piccolo Coro dell’Antoniano 

Францішак: мір – гэта гармонія паміж адметнасцямі

19 сакавіка 2022 года Папа прыняў дэлегацыю італьянскага дзіцячага хору Piccolo Coro dell’Antoniano, заснаванага ў 1963 годзе па ініцыятыве францішканскага кляштару святога Антонія ў Балонні.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак сказаў сваім гасцям, што іх спевы нясуць надзею, таксама ў складаныя моманты, які мы перажываем зараз па прычыне вайны. “Гэта складаны момант. Вы ведаеце, што ў Рым, у шпіталь Bambino Gesù, ужо прыбылі некаторыя дзеці, параненыя падчас вайны. Давайце будзем маліцца за іх”, - заклікаў Папа.

Пантыфік падзякаваў удзельнікам хору за тое, што сваімі спевамі – якія спяваюць не толькі дзеці, але таксама і дарослыя – яны яднаюць паміж сабой розныя пакаленні.

Папа параіў дзецям часцей наведваць сваіх бабуль і дзядуль, размаўляць з імі, задаваць ім пытанні, слухаць іх, каб такім чынам адкрываць для сябе скарбы мудрасці і веры, схаваныя ў памяці і сэрцах пажылых людзей. Гэта клопат пра карані, дзякуючы якім можна развівацца, - падкрэсліў Папа.

Францішак падкрэсліў, што менавіта святы Юзаф, урачыстасць якога адзначаецца ў касцёле 19 сакавіка, “злучыў Езуса з Яго народам – народам, які Бог выбраў, каб прынесці сваё благаслаўленне ўсяму чалавецтву”. “Езус не з’явіўся з ніадкуль; не сышоў з неба як іншапланецянін, але нарадзіўся ад жанчыны з Божага народу і меў тату, Юзафа, які выхаваў Яго згодна з законам Пана, даў Яму прыклад таго, што значыць спаўняць Божую волю. Быў справядлівым чалавекам, кажа Евангелле”, - дадаў Францішак.

“Даражэнькія, я рады, што наша сустрэча адбылася менавіта ў свята святога Юзафа, бо ён вучыць таму, што ніхто з нас не з’яўляецца выспай, але што ўсе мы складаем частку народа, Божага народа. Дзякуючы Езусу, Яго бясконцай любові, падараванай нам на крыжы, гэты народ уключае ў сябе мужчын і жанчын усіх моваў, усіх нацыянальнасцей, усіх культур, як вялікі, як вялізарны хор!”, - зазначыў Святы Айцец.

“Вы маеце цудоўны досвед спявання разам, стварэння гармоніі з розных галасоў. Падумайце: калі б вашы галасы былі аднолькавымі, усе ідэнтычныя, які б гэта быў хор? Якая б утваралася музыка? – Не было б ніякай гармоніі, але сумнае аднастайнае гучанне... Мы з’яўляемся рознымі, каб ствараць сімфонію галасоў, каб складаць сімфонію народа, а гэта і ёсць мір: мір – гэта не сцёртыя адметнасці, а гармонія паміж адметнасцямі”, - запэўніў Папа.
 

19 сакавіка 2022, 12:23