Папа Францішак падчас пакутнага набажэнства Папа Францішак падчас пакутнага набажэнства 

Папа: мы давяраем сябе Марыі, каб залучыцца ў Божы мірны план

“Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою” (Лк 1, 28), - гэтыя словы Анёла да Марыі сталі лейтматывам казання Папы падчас пакутнага набажэнства 25 сакавіка 2022 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Увянчаннем малітвы, якая прайшла ў базыліцы святога Пятра, стаў Чын прысвячэння чалавецтва, і асабліва Расіі і Украіны, Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Яго прамовіў асабіста Пантыфік.

“Маці Божая вучыць нас пачынаць з Бога, верачы, што так будзе дадзена нам усё астатняе (Мц 6, 33). Яна запрашае нас ісці да крыніцы, да Пана, Які з’яўляецца радыкальным сродкам супраць страху і зла ў жыцці”, - адзначыў Францішак у сваім разважанні. Ён заўважыў, што “ў гэтыя дні навіны і вобразы смерці працягваюць урывацца ў нашы дамы, а бомбы знішчаюць жытло шматлікіх безабаронных братоў і сясцёр ва Украіне”.

“Жорсткая вайна, якая закранула многіх і прымусіла ўсіх пакутаваць, выклікае страх і жах у кожнага. Мы адчуваем бездапаможнасць і непаўнавартасць. Нам важна пачуць: “Не бойся”. Але чалавечага спакою недастаткова, патрэбна прысутнасць Бога, упэўненасць у прабачэнні Бога, у тым адзіным, хто здымае зло, змякчае крыўду, аднаўляе спакой у сэрцы. Вернемся да Бога, да Яго прабачэння!” - звярнуўся Папа.

Францішак зноў працытаваў словы Анёла падчас Звеставання: “Дух Святы сыдзе на Цябе” (Лк 1, 35), і заўважыў: “Вось як Бог умешваецца ў гісторыю – даючы свайго Духа”. “У тым, што па-сапраўднаму важнае, нашых уласных сіл недастаткова. Мы не можам самастойна вырашыць супярэчнасці гісторыі і супярэчнасці нашых уласных сэрцаў. Нам патрэбна мудрая і лагодная сіла Божая, якой з’яўляецца Дух Святы. Нам патрэбны Дух любові, каб развеяць нянавісць, пагасіць крыўду, пазбавіцца прагнасці і абудзіцца ад абыякавасці. Нам патрэбна Божая любоў, таму што наша любоў слабая і недастатковая”, - звярнуў увагу Пантыфік.

Паводле Папы, “калі мы хочам, каб свет змяніўся, у першую чаргу павінна змяніцца наша сэрца”. “Каб гэта адбылося, возьмем сёння Маці Божую за руку. Паглядзім на Яе Беззаганнае Сэрца, на якім спачываў Бог, на адзінае Сэрца чалавека без ценю. Яна “поўная ласкі” (Лк 1, 28) і таму вольная ад граху: у ёй няма і следу зла, і таму з ёю Бог змог пачаць новую гісторыю збаўлення і міру. Там гісторыя змяніла свой ход. Бог змяніў гісторыю, пастукаўшы ў Сэрца Марыі”, - адзначыў ён.

Францішак прызнаўся, што “ў лучнасці з біскупамі і вернікамі ўсяго свету хацеў бы ўрачыста прынесці да Беззаганнага Сэрца Марыі ўсё, што мы перажываем: аднавіць прысвячэнне ёй Касцёла і ўсяго чалавецтва, а таксама асаблівым чынам прысвяціць ёй украінскі і рускі народы, якія шануюць яе з сыноўняй пяшчотай як Маці”.

Папа падкрэсліў, што Чын прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі – “гэта не магічная формула, а духоўны акт”, “жэст поўнага даручэння дзяцей, якія ў пакутах гэтай жорсткай і бессэнсоўнай вайны, што пагражае свету, звяртаюцца да сваёй Маці, давяраючы свой страх і боль Яе сэрцу, давяраючы Ёй сябе”.

“З вуснаў Марыі выйшаў найпрыгажэйшы сказ, які мог прынесці Богу Анёл: “Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38). Прыняцце Марыі не з’яўляецца пасіўным і безудзельным, гэта жывое жаданне трымацца за Бога, Які мае “намеры на дабро, а не на зло” (Ер 29, 11). Гэта самы непасрэдны ўдзел свету ў мірным плане Бога. Мы прысвячаем сябе Марыі, каб увайсці ў гэты план, каб цалкам аддаць сябе ў распараджэнне Божых планаў. Сказаўшы “так”, Маці Божая адправілася ў далёкую дарогу ў горы, каб наведаць сваю цяжарную стрыечную сястру (Лк 1, 39). Няхай яна возьме за руку нас на нашым шляху: няхай вядзе па крутых і цяжкіх шляхах братэрства і дыялогу, па шляху міру”, - сказаў Францішак перад тым, як прамовіць Чын прысвячэння чалавецтва, і асабліва Расіі і Украіны, Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
 

25 сакавіка 2022, 14:05