Папа напісаў да біскупаў і запрасіў да малітвы за мір
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Мінуў ужо амаль месяц з пачатку вайны ва Украіне, якая нясе пакуты, з кожным днём усё больш жахлівыя, яе мучаніцкаму насельніцтву, ставячы таксама пад пагрозу мір ва ўсім свеце. Касцёл у гэты змрочны час асабліва пакліканы хадайнічаць у малітве перад Валадаром супакою і наблізіцца да тых, хто на ўласнай скуры расплочваецца за наступствы канфлікту. У сувязі з гэтым я ўдзячны ўсім, хто з вялікай шчодрасцю адгукаецца на мае заклікі да малітвы, посту і спраў міласэрнасці”, - так пачынаецца тэкст звароту.
Папа нагадаў аб сваім ранейшым рашэнні, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, 25 сакавіка 2022 года, здзейсніць урачысты Чын прысвячэння чалавецтва, а асабліва Расіі і Украіны, Беззаганнаму Сэрцу Марыі. “Паколькі лепш прасіць аб міры падрыхтаванымі і адноўленымі Божым прабачэннем, гэта адбудзецца ў межах Пакаяннага набажэнства”, - патлумачыў ён.
Гэта павінен быць “чын паўсюднага Касцёла, які ў гэты драматычны момант узносіць да Бога праз Яго і нашую Маці крык болю тых, хто пакутуе і моліць аб спыненні насілля, а таксама давярае будучыню чалавецтва Каралеве супакою”.
Францішак папрасіў біскупаў далучыцца да набажэнства, “сабраўшы ў пятніцу, 25 сакавіка, святароў, законнікаў і іншых вернікаў на супольную малітву ў святынях, каб такім чынам святы Божы народ аднадушна і згодна ўзнёс просьбу да сваёй Маці”.
Пакаяннае набажэнства распачнецца ў базыліцы святога Пятра ў 17.00 па рымскім часе. Чын прысвячэння будзе здзейснены каля 18.30.