Падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Ордэна аўгустыніянаў-рэкалектаў Падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Ордэна аўгустыніянаў-рэкалектаў 

Пантыфік: патрэбна крэатыўная мужнасць у нашы нялёгкія часы

Мець бацькоўскае сэрца і крэатыўную мужнасць, - заклікаў Папа ўдзельнікаў 56-га Генеральнага капітула Ордэна аўгустыніянаў-рэкалектаў, якіх 17 сакавіка 2022 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак нагадаў, што праз некалькі дзён у Касцёле будзе адзначацца ўрачыстасць святога Юзафа, які з’яўляецца, між іншым, асаблівым нябесным апекуном аўгустыніянаў-рэкалектаў. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на два аспекты, звязаныя з постаццю Абранніка Панны Марыі і зямнога бацькі Езуса.

У першую чаргу, Папа заклікаў святароў і кансэкраваных асоб мець “бацькоўскае сэрца”, падобнае да сэрца Юзафа. Гаворка ідзе пра “неўтаймаванае сэрца”, што прагне любіць і агарняць клопатам сыноў і дачок, давераных нам, “асабліва самых уразлівых, пакутуючых, тых, якія не спазналі бацькоўскай любові”, - падкрэсліў Святы Айцец. Гэта сэрца, якое не знаходзіць спакою “пакуль не прывядзе іх да Бога, да сустрэчы з Ім, каб усе мелі жыццё і мелі ў дастатку”, - дадаў Пантыфік.

Папа заклікаў не забываць пра тое, што “мы не можам быць сапраўднымі бацькамі пакуль не спазнаем, што значыць быць дзецьмі”, сынамі Нябеснага Айца, які любіць нас і ведае, чаго патрабуем. “Давайце не пераставаць штодзённа звяртацца да Яго з поўным даверам. Ён слухае нас, чуе прагненні і патрэбы нашага сэрца, і ўказвае шлях, якім мы павінны ісці”, - сказаў Францішак.

Іншая рыса святога Юзафа, на якую звярнуў увагу Папа, гэта “крэатыўная мужнасць”. Ён нагадаў, што таксама і Юзаф жыў у “нялёгкія часы”, але пакладаў надзею на Бога, цалкам давяраў Яму і скіроўваў усе свае здольнасці, таленты і магчымасці на служэнне Пану. Бог жа падтрымліваў яго сваёй ласкай, - заўважыў Святы Айцец, заклікаючы сваіх гасцей, наследуючы прыклад Юзафа, прапаведваць з даверам, адвагай і крэатыўнасцю, спаўняючы місію Касцёла ў свеце.

Ордэн аўгустыніянаў-рэкалектаў узнік у Іспаніі ў канцы XVI ст. у выніку рэформы Ордэна аўгустыніянаў-эрэмітаў. Яго члены, акрамя малітоўнага жыцця, займаюцца місійнай, апостальскай і адукацыйнай дзейнасцю. У свеце налічваецца каля 1200 членаў гэтай манаскай супольнасці, якія працуюць у Іспаніі, ЗША, Кітаі, Вялікабрытаніі, на Філіпінах, у краінах Лацінскай Амерыкі.
 

17 сакавіка 2022, 12:49