Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: вайна ва Украіне – вынік старой логікі ўлады

Жанчыны могуць дапамагчы пераходу да разумення ўлады не як панавання і прыгнёту, а як формы клопату і служэння, - падкрэсліў Папа, спасылаючыся на актуальную геапалітычную сітуацыю.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

24 сакавіка 2022 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю каталіцкай асацыяцыі Італьянскі жаночы цэнтр (Centro Italiano Femminile), прадстаўніцы якой сабраліся ў Рыме на канферэнцыі, прысвечанай тоеснасці мужчыны і жанчыны як стварэнняў у супольнай місіі. Ён падзякаваў сваім госцям за актыўны ўдзел у палітычным жыцці краіны, назваўшы яго “ўчынкам справядлівасці ў адносінах да грамадства і прасоўваннем каштоўнасці палітыкі, якая разглядаецца як форма міласэрнай любові”.

“Цяпер відавочна, што добрая палітыка не можа натхняцца культурай улады, якая разумеецца як панаванне і свавольства, але выключна культурай клопату, клопату пра чалавека і яго годнасць, клопату пра наш супольны дом. Гэта пацвярджае – на жаль, адмоўным чынам – ганебная вайна, сведкамі якой мы сталі”, - сцвердзіў Папа.

Францішак прызнаўся, што для яго пакалення “нязносна бачыць тое, што адбылося і працягвае адбывацца ва Украіне”: але, на жаль, усё гэта “вынік старой логікі ўлады, якая дагэтуль пануе ў так званай геапалітыцы”. Папа заўважыў, што на працягу апошніх сямідзесяці гадоў не было недахопу ў рэгіянальных войнах, аж да цяперашняй, якая стала больш маштабнай і пагражае ўсяму свету.

“Але асноўная праблема – тая ж самая: светам працягваюць кіраваць як на “шахматнай дошцы”, на якой моцныя гэтага свету абдумваюць крокі з мэтай пашырэння панавання коштам іншых. Таму, сапраўдны адказ – не далейшае ўзбраенне ці дадатковыя санкцыі. Мне было сорамна, калі я прачытаў, што група дзяржаў абавязалася патраціць, здаецца, два працэнты ці дзве дзясятыя працэнта ВУП на набыццё зброі ў адказ на тое, што адбываецца цяпер. Гэта шаленства! Сапраўдны адказ, як я ўжо сказаў, гэта не дадатковая зброя, не іншыя санкцыі, не чарговыя ваенна-палітычныя саюзы, але іншы падыход, іншы спосаб кіравання светам – цяпер ужо глабалізаваным – і іншыя ўстаноўкі ў міжнародных адносінах, а не “паказванне зубоў”, як гэта адбываецца зараз”, - сказаў Святы Айцец, падкрэсліваючы патрэбу ў новай мадэлі, якая павінна быць “мадэллю клопату”.

Пантыфік заўважыў, што жанчыны могуць адыграць важную ролю ў гэтай змене кірунку і ў навяртанні, калі будуць здольнымі дапамагчы ўладзе перайсці “ад логікі панавання да логікі служэння і клопату”.

 

24 сакавіка 2022, 13:30