Францішак падчас Імшы ў касцёле Іль-Джэзу Францішак падчас Імшы ў касцёле Іль-Джэзу 

Святы Айцец да езуітаў: захоўвайце спадчыну святога Ігнацыя

12 сакавіка 2022 года ў рымскім касцёле Іль-Джэзу Папа прыняў удзел у Імшы, прымеркаванай да 400-годдзя кананізацыі Ігнацыя Лаёлы, Францішка Ксаверыя, Тэрэзы Авільскай, Філіпа Нэры і Ізідора Мадрыдскага.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У гаміліі Францішак пракаментаваў Евангелле ІІ Нядзелі Вялікага посту (Лк 9, 28b-36) пра Перамяненне Пана. Ужо ў першай фразе – “Езус узяў з сабою Пятра, Яна і Якуба і ўзыйшоў на гару памаліцца” – можна заўважыць некалькі карысных указанняў для кожнага верніка.

Папа звярнуў увагу на слова "ўзяў": Пан прыняў нас, палюбіў, абраў і паклікаў. Ласка Хрыста – таямніца абрання – папярэднічае любой ініцыятыве хрысціяніна. Езус узяў з сабой не аднаго вучня, а трох, і гэта азначае, што нашае пакліканне караніцца ў братэрскай еднасці.

Наступнае слова, на якое звярнуў увагу Пантыфік, – "узыйшоў". Падарожжа з Збаўцам вядзе не ўніз, а наверх; святло Перамянення з'яўляецца не на раўніне, а пасля цяжкага ўзыходу на вяршыню.

Яшчэ адзін важны евангельскі дзеяслоў – "памаліцца". Гэта значыць, што кожнае перамяненне нараджаецца з малітвы, якая мяняе рэальнасць, і гаворка ідзе не аб аддаленні ад свету, а аб яго змене. Святы Айцец спаслаўся на вайну ва Украіне і тое, як яна адлюстроўваецца ў нашых малітвах: калі наша малітва жывая, то “яна ўвесь час падахвочвае нас адкрыцца і занепакоіцца пакутніцкім крыкам свету”.

У канцы гаміліі Францішак звярнуўся да сабратаў па ордэне і папрасіў іх беражліва захоўваць спадчыну святога Ігнацыя, дзелячыся ёй з Касцёлам і светам.
 

13 сакавіка 2022, 13:17