POPE-CYPRUS/DEPARTURE POPE-CYPRUS/DEPARTURE 

Святы Айцец наведае дзве афрыканскія краіны

3 сакавіка 2022 года Зала Друку Апостальскай Сталіцы абнародавала афіцыйнае паведамленне пра тое, што летам Папа наведае дзве афрыканскія краіны, якія носяць на сябе раны нядаўніх канфліктаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Прымаючы запрашэнне адпаведных кіраўнікоў дзяржаў і біскупаў, Святы Айцец Францішак з 2 па 5 ліпеня 2022 года здзейсніць Апостальскае падарожжа ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга, дзе наведае гарады Кіншаса і Гома, а з 5 па 7 ліпеня – у Паўднёвы Судан, дзе накіруецца ў Джубу. Праграма падарожжа будзе апублікавана ў свой час”, - гаворыцца ў афіцыйным ватыканскім камюніке.

Пантыфік некалькі разоў выказваў жаданне наведаць Паўднёвы Судан. Яшчэ з 2017 года планаваўся яго сумесны з Архіепіскапам Кентэрберыйскім Джасцінам Уэлбі візіт у гэту краіну. Пра актуальнасць гэтай ідэі англіканскі іерарх казаў і на пачатку лютага.

Некалькі месяцаў таму Паўднёвы Судан наведаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі. “Няма ідэальнага часу на такі візіт”, але існуе “моцная падтрымка” з боку мясцовых улад, каб падарожжа адбылося, - казаў ватыканскі дыпламат.

Францішак здзейсніць візіт на афрыканскі кантынент у пяты раз. Падчас чатырох мінулых падарожжаў ён наведаў Кенію, Уганду, Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, Егіпет, Марока, Мазамбік, Мадагаскар і Маўрыкій.

 

03 сакавіка 2022, 12:28