Пошук

Анёл Панскі: лепш недасканалая, але пакорная вера

Асабліва тады, калі мы адчуваем стомленасць або крызіс, уваскрослы Езус хоча вярнуцца, каб быць з намі, - сказаў Францішак 24 красавіка 2022 года у разважанні перад нядзельнай малітвай Regina Coeli.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа спаслаўся на евангельскі ўрывак, прачытаны ў Нядзелю Божай Міласэрнасці, пра з’яўленне ўваскрослага Езуса Тамашу (Ян 20, 19-29), падкрэсліўшы, што апостал прадстаўляе ўсіх, хто адчувае цяжкасці ў веры. Ён папрасіў не саромецца гэтага: крызісаў у жыцці і веры не варта баяцца. Яны часта робяць нас больш пакорнымі, дапамагаюць зразумець нашы сапраўдныя патрэбы, нанова спазнаць любоў Езуса.

“Лепш недасканалая, але пакорная вера, якая заўсёды вяртаецца да Езуса, чым моцная, але пагардлівая вера, якая робіць нас ганарлівымі і пыхлівымі”, - сказаў Францішак.

Папа таксама ўказаў на стаўленне Хрыста, Які не стамляецца ад нас, не баіцца нашых крызісаў і слабасцей, заўсёды вяртаецца, і не з моцнымі знакамі, якія б прымусілі нас адчуваць сябе малымі і недасканалымі, але з сваімі ранамі, знакамі сваёй любові, якая прыняла нашы слабасці.

“Асабліва тады, калі мы адчуваем стомленасць або крызіс, Езус, Уваскрослы, жадае вярнуцца, каб быць з намі. Ён чакае, што мы пачнём Яго шукаць, паклічам і нават будзем пратэставаць, як Тамаш, прыносячы Яму нашы патрэбы і нашае нявер’е. Ён вяртаецца, бо застаецца цярплівым і міласэрным. Ён прыходзіць, каб адкрыць верхнія пакоі нашых страхаў і нявер’я, таму што заўсёды хоча даць нам яшчэ адзін шанец”, - заўважыў Святы Айцец.

Францішак заахвоціў вернікаў звяртацца да Езуса і Яго прабачэння кожны раз, калі з’яўляюцца цяжкасці. “Такім чынам мы таксама станем здольнымі да спачування, без строгасці і прадузятасці падыходзіць да ран іншых”, - адзначыў Святы Айцец перад малітвай Regina Coeli і апостальскім благаслаўленнем.
 

24 красавіка 2022, 12:29

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >