Францішак падчас Пасхальнай вігіліі Францішак падчас Пасхальнай вігіліі 

Францішак: боль і смерць не будуць мець апошняга слова

Пан уваскрос! Паглядзім уверх, здымем з вачэй заслону горычы і смутку, адкрыемся на Божую надзею! - звярнуўся Папа падчас Пасхальнай вігіліі. Літургію ўзначаліў дэкан Калегіі кардыналаў, кардынал Джавані Батыста Рэ.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гаворачы пра жанчын, якія прыйшлі да магілы Езуса на світанні і знайшлі яе пустой, Францішак адзначыў, што, як і ў іх выпадку, наша “першая рэакцыя, калі мы сутыкаемся з нечаканым знакам, – гэта страх”. Аднак “гэтай ноччу Пан хоча даць нам іншыя вочы, запаленыя надзеяй на тое, што страх, боль і смерць не будуць мець апошняга слова”, таму што “дзякуючы Пасхе Езуса мы можам перайсці з нябыту да жыцця, і смерць ужо не зможа пазбавіць нас нашага існавання”, бо яно было “цалкам і назаўсёды ахоплена бязмежнай Божай любоўю”.

“Кожны раз, калі мы сцвярджаем, што мы ўсё зразумелі пра Бога, што можам упісаць Яго ў свае схемы, давайце паўтараць сабе: Няма Яго тут! Кожны раз, калі мы шукаем Яго толькі ў моманты пачуццяў або патрэбы, а потым адкладаем Яго і забываемся на Яго ў канкрэтных сітуацыях і паўсядзённым выбары, давайце паўтараць: Няма Яго тут! І калі мы думаем пра тое, каб абмежаваць Яго да сваіх слоў, формул і звычак, але забываемся шукаць Яго ў самых цёмных кутках жыцця, дзе ёсць тыя, хто плача, змагаецца, пакутуе і спадзяецца, паўторым: Няма Яго тут!” - маліўся Пантыфік, спасылаючыся на словы анёла ля пустой магілы.

Папа патлумачыў, што мы не можам святкаваць Пасху, “калі застаёмся вязнямі мінулага; калі ў жыцці не маем адвагі дазволіць Богу прабачыць і змяніць сябе, адарвацца ад дрэнных учынкаў, выбраць Езуса і Яго любоў; калі мы зводзім веру да абярэга, робячы Бога прыгожым успамінам аб мінулых часах, замест таго, каб сустрэцца з Ім сёння як з жывым Богам, Які хоча змяніць нас і свет”.

“Хрысціянства, якое шукае Бога сярод рэліквій мінулага і замыкае Яго ў магіле звычкі, з’яўляецца хрысціянствам без Пасхі. Але Пан уваскрос! Давайце не спыняцца на магілах, а пойдзем і зноў адкрыем Яго, жывога! І не будзем баяцца шукаць Яго таксама ў тварах нашых братоў і сясцёр, у гісторыі тых, хто спадзяецца і марыць, у болю тых, хто плача і пакутуе: Бог ёсць!” - аргументаваў Святы Айцец.

Жанчыны выбеглі ад магілы, каб абвясціць вучням Езуса радасць Уваскрасення. Пасха не спыняецца на “экстазе асабістай радасці”, “не церпіць бяздзейнага стаўлення, але нараджае вучняў-місіянераў”, якія “нясуць кожнаму Евангелле ўваскрослага”, - дадаў Францішак.

Ён звярнуў увагу на тое, што “наша надзея – гэта імя Езуса”, таму што “з Ім зло не мае больш сілы, няўдача не можа перашкодзіць нам пачаць усё нанова, смерць становіцца пераходам да пачатку новага жыцця”. “З Езусам Уваскрослым ні адна ноч не бывае бясконцай, і нават у самай густой цемры ззяе ранішняя зорка”, - заключыў Папа ў сваёй гаміліі.
 

17 красавіка 2022, 11:12