Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа падтрымаў пілігрымку салідарнасці з украінскім народам

Пасланне Папы прагучала падчас міжканфесійнай сустрэчы ў Чарнаўцах, у якой прынялі ўдзел дэлегаты з розных краін свету. Яна стала ўвянчаннем пілігрымкі салідарнасці з украінскім народам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Пакуты, нанесеныя многім слабым і безабаронным людзям; шматлікія забітыя мірныя жыхары і нявінныя маладыя ахвяры; адчайныя ўцёкі жанчын і дзяцей... Усё гэта трывожыць наша сумленне і прымушае нас не маўчаць, не заставацца абыякавымі да гвалту Каіна і крыку Авеля, гучна ўзняць голас, маліць у імя Бога аб спыненні гэтых мярзотных учынкаў”, - напісаў Францішак у пасланні да ўдзельнікаў міжрэлігійнай пілігрымкі, якая сабрала ва ўкраінскім горадзе прадстаўнікоў розных рэлігій з усяго свету.

Пантыфік прызнаўся ў духоўнай блізкасці з неабыякавымі да лёсу Украіны і заявіў, што “ўсім сэрцам далучаецца да выпрошвання бясцэннага дару міру для дарагога ўкраінскага народа”. Такія ініцыятывы, заўважыў ён, “спрыяюць умацаванню пачуцця адказнасці вернікаў перад падзеямі, якія нішчаць многія намаганні, здзейсненыя ў апошнія дзесяцігоддзі для пабудовы больш мірнага свету”.

Паводле Папы, “жорсткія і балючыя падзеі, сведкамі якіх мы з’яўляемся на працягу многіх дзён”, пацвярджаюць тое, што “вайна – гэта правал палітыкі і гуманізму, ганебная капітуляцыя, паражэнне перад сіламі зла”.

Міжрэлігійная пілігрымка салідарнасці з украінскім народам сабрала прадстаўнікоў рэлігій з усяго свету, якія з 10 красавіка 2022 года наведалі цэнтры для бежанцаў і прынялі ўдзел у сумесным мерапрыемстве ў Чарнавіцкім абласным музычна-драматычным тэатры.

Сярод яе ўдзельнікаў былі: ганаровы Архіепіскап Кентэрберыйскі Роўэн Уільямс, праваслаўны архіепіскап з Вялікабрытаніі Мікітас Луліяс, Генеральны настаяцель Ордэна Братоў Меншых Масіма Фузарэлі, рабін Джонатан Вітэнберг з Злучанага Каралеўства, Вялікі Муфтый Босніі і Герцагавіны Мустафа Цэрыч, Вялікі Імам Ягія Палавічыні з Італіі, а таксама прадстаўнікі індуізму, будызму і іншых рэлігій.
 

13 красавіка 2022, 12:02