Францішак распачаў Пасхальны Трыдуум разам з вязнямі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Літургія прайшла ў турэмнай капліцы. У ёй бралі ўдзел таксама некаторыя прадстаўнікі італьянскіх уладаў, у тым ліку Міністр юстыцыі, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
У гаміліі Францішак спаслаўся на жэст абмывання ног вучням, які Езус здзейсніў падчас Апошняй вячэры. Папа заўважыў, што Хрыстус абмыў ногі ў тым ліку Юдзе – “здрадніку, які прадасць Яго”. “Пан навучае нас з вялікай прастатой: вы павінны абмываць ногі адзін аднаму”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы да ўзаемнага бескарыслівага служэння. “Як цудоўна было б, калі б так рабілася кожны дзень і ўсімі людзьмі”, - дадаў ён.
Святы Айцец заўважыў, што Езус назваў Юду “сябрам”, чакаў яго да канца, прабачыў усё: “Бог прабачае ўсё і заўсёды! Гэта мы стамляемся прасіць прабачэння”, - нагадаў Папа, а затым, па традыцыі, паўтарыў жэст Езуса, абмыўшы ногі дванаццаці вязням – мужчынам і жанчынам розных узростаў і нацыянальнасцей.
Пасля святой Імшы дырэктар турмы падзякаваў Францішку і падарыў яму гравюру з выявай старажытнага порта Чывітавек’і, прадукты з саду, якія вырасцілі вязні, і некалькі падарункаў, зробленых супрацоўнікамі і зняволенымі турмы.