Францішак: трываць у нястомнай малітве за мір
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Вітаючы пілігрымаў з розных краін свету, якія сабраліся на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Францішак падкрэсліў, што “у гэты цяжкі момант, калі чалавецтва адчувае прагу міра і братэрства, тэрмінова неабходна, каб саюз паміж пажылымі людзьмі і моладдзю, стаў плённым” і дапамог кожнаму “быць сведкам і пасярэднікам Божых благаслаўленняў між народамі”.
Святы Айцец заклікаў вернікаў “трываць у нястомнай малітве за мір”. “Няхай змоўкне зброя, каб людзі, якія маюць уладу спыніць вайну, пачулі заклік усяго чалавецтва да міру”, - дадаў ён.
“Дарагія браты і сёстры, няхай штодзённая сустрэча і пілігрымаванне разам з Уваскрослым Панам распаліць вашы сэрцы, каб маглі з запалам даваць сведчанне веры і абвяшчаць вялікія справы Бога, як сапраўдныя міратворцы ў грамадстве і свеце”, - заахвоціў Пантыфік.
Францішак нагадаў таксама, што восем гадоў таму, 27 красавіка 2014 года, адбылася кананізацыя Яна Паўла ІІ. Ён заклікаў маліцца праз заступніцтва гэтага Папы аб ласцы быцця “вернымі сведкамі Хрыста і Яго міласэрнай любові ў свеце, сям’і і на месцах працы”.