Францішак у Гроце святога Паўла ў Рабаце Францішак у Гроце святога Паўла ў Рабаце 

Пантыфік: Божа, дапамажы нам здалёк распазнаць патрэбы бліжняга

У другі дзень Апостальскага візіту на Мальту, нядзельнай раніцай 3 красавіка 2022 года, Папа сустрэўся ў прыватным парадку з законнікамі Таварыства Езуса, а затым наведаў Гроту святога Паўла ў Рабаце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле традыцыі, менавіта ў гэтым горадзе Апостал язычнікаў высадзіўся пасля караблекрушэння ў 60 годзе, што стала вырашальнай падзеяй для евангелізацыі вострава. Гроту апостала наведвалі святы Ян Павел ІІ у 1990 годзе і Бэнэдыкт XVI у 2010 годзе.

У пячоры Францішак узнёс малітву, у якой падзякаваў Богу Міласэрнасці за Яго правідэнцыйны план, паводле якога апостал Павел прапаведаваў тут сваё слова і вылечваў хваробы. Святы Айцец згадаў пра гасціннасць мясцовых жыхароў, якія аказвалі дапамогу ахвярам караблекрушэння, не пытаючыся пра іх паходжанне і сацыяльны статус.

“Добры Ойча, дай нам ласку добрага сэрца, якое пульсуе ад любові да іншых. Дапамажы нам здалёк распазнаць патрэбы тых, хто змагаецца сярод марскіх хваль, кінуты на скалы невядомага берага. Зрабі, каб наша спачуванне не вычэрпвалася пустымі словамі, але запальвала вогнішча гасціннасці, якое прымушае забыцца пра непагадзь, сагравае сэрцы і аб'ядноўвае іх: агмень дома, пабудаванага на скале, адзінай сям'і Тваіх дзяцей, у якой усе – сёстры і браты”, - маліўся Наступнік святога Пятра.

Завяршылася пілігрымка ў санктуарый наведваннем касцёла святога Паўла, дзе Францішак прывітаў падапечных мальтыйскага Caritas і памаліўся аб Божай міласэрнасці.
 

03 красавіка 2022, 10:21