Падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў каталіцкай асацыяцыі Fiat Падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў каталіцкай асацыяцыі Fiat 

Пантыфік: кожны вернік пакліканы быць галоўным героем Касцёла

Сёння пытанне евангелізацыі знаходзіцца ў цэнтры місіі Касцёла, - заўважыў Папа, сустракаючыся 23 красавіка 2022 года ў Ватыкане з прадстаўнікамі каталіцкай асацыяцыі Fiat.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Францішак заклікаў вернікаў працягваць апостальскую справу, распачатую кардыналам Леа Ёзэфам Сюнэнсам і Веранікай О’Браен. “Застаючыся вернымі евангельскай інтуіцыі вашых заснавальнікаў, вы пакліканы дзяліцца Евангеллем з кожным чалавекам, якога Провід ставіць на вашым шляху. Сёння пытанне евангелізацыі знаходзіцца ў цэнтры місіі Касцёла. Сёння яно стаіць асабліва выразна. (...) Сёння больш чым калі-небудзь кожны пакліканы быць галоўным героем Касцёла, які выходзіць вонкі, пад імпульсам Духа Святога”, - адзначыў ён.

Папа лічыць, што ў свеце, які становіцца ўсё больш і больш секулярызаваным і рухаецца наперад паскораным тэмпам, “патрэбны вучні, перакананыя ў сваёй веры, здольныя перадаваць полымя надзеі людзям гэтага часу”. Паводле яго, трагедыі, якія сёння перажывае свет, асабліва вайна ва Украіне, нагадваюць пра патрэбу “цывілізацыі любові”. “У вачах нашых братоў і сясцёр, ахвяр жахаў вайны, мы чытаем глыбокую і надзённую патрэбу ў жыцці, адзначаным годнасцю, мірам і любоўю”, - сказаў ён.

Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей па прыкладзе Марыі “развіваць у сабе місіянерскі дух, каб быць блізкімі да тых, хто пакутуе, адкрываючы для іх свае сэрцы”. Трэба “ісці разам з імі, змагацца з імі за іх чалавечую годнасць і паўсюль распаўсюджваць дух Божай любові”.

Папа перакананы, што не трэба баяцца крызісаў, бо яны “ачышчаюць нас, прымушаюць выходзіць з іх лепшымі”, але для гэтага патрэбныя гуманізм і “грамадства братэрскіх і поўных жыцця адносін”. Толькі праз прыняцце чалавека такім, якім ён ёсць, стане магчымым “сацыяльнае сяброўства, якое нікога не выключае, і братэрства, адкрытае для ўсіх”, адзначыў Францішак, заклікаючы чальцоў асацыяцыі Fiat “быць сведкамі Божай міласэрнасці, пяшчоты і дабрыні”.
 

23 красавіка 2022, 11:41