Пантыфік: свабода рэлігіі парушаецца шмат дзе і па-рознаму
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Аб гэтым ён заявіў 25 красавіка 2022 года, сустракаючыся ў Ватыкане з прадстаўнікамі Міжнароднай трынітарыйскай салідарнасці, якая дзейнічае пры Ордэне Найсвяцейшай Тройцы.
Папа падзякаваў за намаганні арганізацыі, “якая абараняе рэлігійную свабоду не тэарэтычна, а клапоцячыся пра людзей, якіх пераследуюць і кідаюць у турмы з прычыны іх веры”, а таксама займаецца адукацыйнай дзейнасцю на ўніверсітэцкім узроўні, арганізуючы курсы, прысвечаныя свабодзе веравызнання.
Гэтая праца “абуральна актуальная” ў наш час, - лічыць Святы Айцец. Сёння шмат мужчын і жанчын, нават дзяцей, жывуць у нечалавечых умовах, паняволеныя. Рэлігійная свабода парушаецца ў многіх месцах і па-рознаму, часам гэта адбываецца груба і відавочна, а часам – тонка і схавана.
Пантыфік папрасіў каталіцкіх праваабаронцаў працягваць сваю дзейнасць, пашыраючы супрацоўніцтва з іншымі ўстановамі, касцёльнымі і некасцёльнымі, якія падзяляюць гэту высакародную мэту.