Аўдыенцыя для членаў Папскай акадэміі сацыяльных навук Аўдыенцыя для членаў Папскай акадэміі сацыяльных навук 

Святы Айцец: сям’я аздараўляе і ўзвышае ўсё чалавецтва

Сям’я – гэта “галоўнае супрацьяддзе сродак ад матэрыяльнай і духоўнай беднасці”, а таксама ад “дэмаграфічнай зімы ці безадказнага мацярынства і бацькоўства”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

29 красавіка 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Папскай акадэміі сацыяльных навук, якія бяруць удзел у пленарнай сесіі, прысвечанай тэме сям’і як месца, дзе людзі развіваюцца ў адносінах, узаемна ўдасканальваюцца і вучацца любові. У сустрэчы браў удзел Прэм'ер-міністр Італіі Марыё Драгі.

“Узаемная любоў паміж мужчынам і жанчынай – гэта адлюстраванне абсалютнай і вечнай любові, якой Бог любіць чалавека, пакліканага станавіцца плённым і рэалізавацца ў супольнай справе сацыяльнага парадку і захавання стварэння”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што дабро сям’і не заключаецца ў назапашванні багаццяў, але грунтуецца на ўзаемнай любові, даверы, супрацоўніцтве, узаемнасці, становячыся крыніцай многіх даброт і адносін для ўсяго грамадства.

Папа падкрэсліў, што сям’я – гэта месца прыняцця, што асаблівым чынам заўважна ў сем’ях, дзе ёсць уразлівыя ці няпоўнаспраўныя члены. “Такія сем’і развіваюць асаблівыя якасці, якія ўмацоўваюць здольнасць любіць і цярпліва зносіць жыццёвыя цяжкасці”, - сказаў ён, дадаючы, што сям’я – гэта “галоўнае супрацьяддзе ад матэрыяльнай і духоўнай беднасці”, а таксама ад “дэмаграфічнай зімы ці безадказнага мацярынства і бацькоўства”.

Францішак пажадаў, каб дзяржаўныя і грамадскія структуры падтрымлівалі сем’і, каб ва ўсіх краінах прасоўвалася сацыяльная, эканамічная і культурная палітыка, “сяброўская ў адносінах да сям’і”. Ён заўважыў, што гэта могуць быць палітычныя рашэнні, якія зробяць магчымай гармонію паміж сям’ёй і працай, падатковыя ільготы для сем’яў, спрыянне нараджальнасці, сацыяльная, псіхалагічная і медыцынская падтрымка сужэнскіх пар і бацькоў.

“Грамадства, сяброўскае да сям’і, магчымае, бо грамадства нараджаецца і развіваецца з дапамогай сям’і”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што сям’я – гэта месца, дзе вучацца бескарыслівасці. “Насамрэч, калі цывілізацыя выкараняе з уласнай зямлі дрэва дару як бескарыслівасці, яго заняпад становіцца непазбежным. Сям’я з’яўляецца першым садоўнікам для дрэва бескарыслівасці”, - дадаў ён.

На думку Папы, каб нанова адкрыць прыгажосць сям’і неабходна пазбавіцца ад “катаракты” ідэалогій, якія перашкаджаюць бачыць рэальнасць; вярнуцца да ўзаемасувязі паміж натуральным і сакрамэнтальным сужэнствам; а таксама ўсвядоміць тое, што ласка сакрамэнту сужэнства, які з’яўляецца дасканалым “сацыяльным” сакрамэнтам, аздараўляе і ўзвышае ўсё грамадства і з’яўляецца закваскай братэрства.
 

29 красавіка 2022, 14:48