Святы Айцец узначаліў Крыжовы шлях у рымскім Калізеі

Вечарам 15 красавіка 2022 года Францішак узначаліў традыцыйны Крыжовы шлях у рымскім Калізеі, які прайшоў пасля двухгадовага перапынку, выкліканага пандэміяй каронавіруса.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У набажэнстве бралі ўдзел каля дзесяці тысяч чалавек. У сувязі з пятай гадавінай Апостальскай адгартацыі Amoris laetitia тэксты малітваў і разважанняў да яго сёлета напісалі сем’і, звязаныя з каталіцкімі супольнасцямі і дабрачыннымі арганізацыямі. Члены гэтых сем’яў па чарзе неслі крыж.

Падчас трынаццатай стацыі, прысвечанай разважанню над смерцю Езуса на Кальварыі, крыж неслі дзве жанчыны – украінка і расіянка, якія разам працуюць у аддзяленні паліятыўнай дапамогі аднаго з рымскіх шпіталёў. Яны таксама падрыхтавалі тэкст разважання, але замест яго было прапанавана памаліцца ў цішыні.

“Перад абліччам смерці маўчанне красамоўней слоў. Таму давайце памолімся ў цішыні, і няхай кожны з нас у сваім сэрцы памоліцца аб міры на ўсёй зямлі”, - такі заклік прагучаў перад трынаццатай стацыяй. Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні патлумачыў, што “гэта была мэтанакіраваная змена, якая абмежавала тэкст да мінімума, каб даверыцца цішыні і малітве”.

Набажэнства завяршылася малітвай Папы: “Міласэрны Ойча, Ты загадваеш сонцу ўзыходзіць над добрымі і злымі, не пакідай справы рук Тваіх, за якую Ты аддаў свайго адзінага Сына...

Захавай запаленым у нашых сем’ях светач Евангелля, які асвячае радасці і смуткі, цяжкасці і спадзяванні: няхай кожны дом адлюстроўвае аблічча Касцёла, найвышэйшым законам якога з’яўляецца любоў. Выліўшы на нас Твайго Святога Духа, дапамажы нам пазбавіцца старога чалавека, сапсаванага фальшывымі жарсцямі, і апрані нас у новага чалавека, створанага паводле справядлівасці і святасці.

Па-бацькоўску трымай нас за руку, каб не аддаліся ад Цябе; скіруй нашы мяцежныя сэрцы да Твайго сэрца, каб навучыліся мірным намерам; зрабіў так, каб ворагі паціснулі адно аднаму рукі, каб маглі спазнаць узаемнае прабачэнне; абяззброй руку брата, паднятую на брата свайго, каб там, дзе цяпер нянавісць, заквітнела згода.

Учыні, каб мы не паводзілі сябе, як ворагі Хрыстовага крыжа, каб раздзялілі хвалу Яго ўваскрасення, Які з Табой жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, праз усе вякі вечныя. Амэн”.

16 красавіка 2022, 10:08