Пантыфік завяршыў свой візіт на Мальту
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У міжнародным аэрапорце Лука з Папам развітаўся прэзідэнт Джордж Уільям Вэла, з якім Святы Айцец правёў кароткую размову ў будынку аэрапорта. Рота ганаровай варты выканала гімны Ватыкана і Мальты і аддала ваенныя ўшанаванні.
Ля самалёта з Францішкам развіталіся, сярод іншых, арцыбіскуп Мальты Чарльз Шыклуна; біскуп Гоца Энтані Цьюма; Апостальскі нунцый у краіне, арцыбіскуп Алесандра Д'Эрыка; прадстаўнікі ўлады на чале з прэм'ер-міністрам Робертам Абэлай.
Падчас знаходжання на Мальце Святога Айца, між іншым, суправаджаў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці, кардынал П'етра Паралін; кардынал Марыё Грэк, Генеральны сакратар Сінода Біскупаў; намеснік па агульных пытаннях у Дзяржсакратарыяце, арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара; арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па сувязях Святога Пасаду з дзяржавамі.
Гэта быў чацвёрты візіт Наступніка святога Пятра ў Рэспубліцы Мальта. Ян Павел II наведаў краіну двойчы, у 1990 і 2001 гадах, Бэнэдыкт XVI быў тут у 2010 годзе.