Францішак падчас Імшы ў Фларыяне Францішак падчас Імшы ў Фларыяне 

Папа да Касцёла на Мальце: сведчыць міласэрнасць і прабачэнне

Праверыць наколькі з’яўляемся вучнямі Езуса можна па нашым позірку на іншых людзей і на саміх сябе, - сказаў Папа падчас святой Імшы, якую 3 сакавіка 2022 года цэлебраваў у мальтыйскім горадзе Фларыяна.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У гаміліі Францішак пракаментаваў нядзельнае евангельскае чытанне пра прабачэнне Езусам чужаложніцы, якую хацеў укаменаваць раз’юшаны натоўп кніжнікаў і фарысеяў (Ян 8, 1-11).

Папа заўважыў, што чужаложніцы і яе абвінаваўцаў не было сярод людзей, якія прыйшлі слухаць Хрыста. Кніжнікі і фарысеі адсутнічалі, бо думалі, што ўжо ведаюць усё, не патрабуюць вучэння Езуса, а жанчына была асобай, якая згубілася, засталася на ўзбочыне, шукаючы шчасця памылковым шляхам.

У абвінаваўцах гэтай жанчыны, на думку Францішка, можна ўбачыць вобраз людзей, якія ганарацца тым, што з’яўляюцца справядлівымі, добрымі і прытрымліваюцца Божага закону; якія не бачыць сваіх хібаў, але вельмі ўважлівыя да хібаў іншых людзей. Кніжнікі і фарысеі лічыліся знаўцамі Бога, але менавіта яны не распазналі Езуса і нават больш за тое: бачылі Яго як ворага, якога трэба прагнаць. Яны прыйшлі менавіта, каб выпрабоўваць Езуса і абвінаваціць Яго.

“Таксама і ў нашу рэлігійнасць можа закрасціся чарвяк крывадушнасці і звычка паказваць пальцам”, - папярэдзіў Папа, падкрэсліваючы, што “заўсёды ёсць спакуса няправільна разумець Езуса, мець на вуснай Яго імя, але адмаўляць Яго на справах”. Праверыць наколькі з’яўляемся вучнямі Хрыста можна “па нашым позірку, па тым, як глядзім на бліжняга і як глядзім на саміх сябе”, дадаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што на іншых трэба глядзець не з асуджэннем, а з міласэрнасцю, а на саміх сябе – з праўдай у сэрцы, для чаго патрэбна “ўнутраная беднасць, якая з’яўляецца самым каштоўным скарбам чалавека”. Францішак параіў маліцца ад гэтым дары, бо “калі ў праўдзе адкрыем сэрцы перад Богам, Ён здзейсніць цуды ў нас”, як зрабіў з жанчынай, абвінавачанай у чужалостве.

“Якая розніца паміж Настаўнікам і абвінаваўцамі? – Апошнія цытавалі Святое Пісанне, каб асуджаць; а Езус, уцелаўлёнае Божае слова, цалкам апраўдаў жанчыну, вярнуўшы ёй надзею. З гэтай гісторыі мы вучымся таму, што ўсе прадпісанні, калі не кіруюцца любоўю і не ўтрымліваюць любові ў сабе, яшчэ больш топяць тых, каму даюцца”, - сказаў Папа.

Францішак зазначыў, што жыццё евангельскай жанчыны змянілася дзякуючы прабачэнню. “Пан хоча, каб таксама і мы, Яго вучні, прабачаныя Ім, сталі нястомнымі сведкамі прымірэння: сведкамі Бога, для яго не існуе слова “безнадзейны”; сведкамі Бога, які заўсёды прабачае, працягвае верыць у нас і кожны раз дае нам новую магчымасць, каб маглі пачаць спачатку”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы наследаваць прыклад Езуса.
 

03 красавіка 2022, 10:46