Папа да падлеткаў: кіруйцеся юнацкай інтуіцыяй і давярайце Богу

“Няхай уваскрослы Езус будзе моцай вашага жыцця: ідзіце з мірам і будзьце шчаслівыя, у спакоі і радасці!” - такі наказ на дарогу даў Папа італьянскім падлеткам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

18 красавіка 2022 года, у Велікодны панядзелак, Францішак узначаліў на плошчы святога Пятра малітоўнае чуванне з школьнай моладдзю італьянскіх дыяцэзій, якая прыбыла ў Ватыкан з агульнанацыянальнай пілігрымкай.

“Учора мы прынялі святло ўваскрослага Езуса, Які перамог цемру смерці. На жаль, густыя хмары па-ранейшаму азмрочваюць нашу эпоху. Апроч пандэміі, Еўропа перажывае жахлівую вайну, а ў шматлікіх рэгіёнах Зямлі несправядлівасць і насілле руйнуюць чалавека і планету”, - звярнуў увагу Пантыфік. На яго думку, у гэтай сітуацыі самую высокую цану плаціць падрастаючае пакаленне: топчуцца яго мары аб будучыні. “Многія браты і сёстры ўсё яшчэ чакаюць святла Вялікадня”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Ёсць нямала момантаў, калі жыццё падвяргаецца цяжкаму выпрабаванню, калі мы як ніколі адчуваем сваю слабасць, безабароннасць і адзіноту. У такой сітуацыі не трэба саромецца слова "баюся", - адзначыў Папа, спасылаючыся на прачытанае падчас набажэнства Евангелле св. Яна (21, 1-19).

У евангельскім фрагменце ноч, у якую вучні закінулі сеткі, але нічога не злавілі, змяняецца раніцай, калі ім з'явіўся Хрыстус: яны зноў закінулі сеткі і не маглі іх выцягнуць ад мноства рыбы. Тады апостал Ян сказаў: “Гэта Пан!”. Калі Пётр пачуў гэта, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. Францішак заклікаў маладых вернікаў не баяцца сваіх парываў і смела кіравацца юнацкай інтуіцыяй, давяраючы ва ўсім Пану.

Езус працягвае заклікаць кожнага: “Ідзі за Мною”, - падкрэсліў Папа, нагадваючы, што Марыя была прыкладна таго ж падлеткавага ўзросту, калі бясстрашна і з даверам рушыла ўслед незвычайнаму пакліканню – стаць маці Езуса.

Сустрэча пад дэвізам Seguimi (Ідзі за мной) была арганізавана Канферэнцыяй Біскупаў Італіі. На яе сабраліся каля 50 тысяч маладых вернікаў ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў. Іх суправаджалі каля 60 біскупаў, святары, законніцы і законнікі, катэхеты і лідары каталіцкіх асацыяцый і рухаў.
 

19 красавіка 2022, 10:53