Пантыфік падтрымаў барацьбу з арганізаванай злачыннасцю
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Папа скіраваў пасланне да дэлегацыі італьянскай каталіцкай асацыяцыі Libera, якая дзейнічае ў сферы барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і аказвае дапамогу ахвярам мафіі. Яе прадстаўнікі адправіліся ў Аргентыну, каб падзяліцца досведам выкарыстання на карысць грамадства дабротаў, канфіскаваных у крымінальных груповак.
Пантыфік адзначыў, што міжнароднае супрацоўніцтва з’яўляецца неад’емным для таго, каб перамагчы незаконныя аб’яднанні, “якія не ведаюць межаў і выкарыстоўваюць дзеля ўласнай выгады канфлікты паміж народамі і кепскае функцыянаванне дзяржаўных устаноў”.
Францішак падкрэсліў, што недастаткова толькі рэпрэсіўных і карных мер: барацьба з крымінальнай злачыннасцю павінна прадугледжваць таксама кампенсацыю шкоды, якую яна наносіць. У гэтым сэнсе Святы Айцец станоўча адзначыў канфіскацыю і выкарыстанне актываў мафіі на карысць грамадства. Ён заўважыў, што гэта дазволіць дзяржаве ствараць новыя магчымасці для людзей, бо злачыннасць звычайна ўзнікае ў тых сферах, у якіх адсутнічаюць ці кепска функцыянуюць дзяржаўныя ўстановы.