Папа падчас сустрэчы з членамі Найвышэйшай рады магістратуры Папа падчас сустрэчы з членамі Найвышэйшай рады магістратуры 

Папа: правасуддзе павінна быць свабодным ад уплыву палітыкі

8 красавіка 2022 года Папа прыняў Прэзідэнта Італіі Сэрджа Матарэлу і членаў італьянскай Найвышэйшай рады магістратуры – структуры, якая гарантуе аўтаномію і незалежнасць судовай сістэмы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак нагадаў сваім прадстаўнікам магістратуры, што яны пакліканы да шляхетнай і далікатнай місіі, бо правасуддзе ажыццяўляецца ад імя народу, які патрабуе справядлівасці, а справядлівасць вымагае праўды, даверу, вернасці і чысціні намераў.

Папа заўважыў, што звычайна пад справядлівасцю разумеецца імкненне даць чалавеку тое, што яму належыць. “Згодна з біблійнай традыцыяй гэта значыць прызнаваць годнасць асобы святой і непарушнай”, - дадаў ён, падкрэсліваючы таксама, што Біблія вучыць чыніць справядлівасць з міласэрнасцю.

Святы Айцец заўважыў, што ніводная палітычная рэформа сферы правасуддзя не можа змяніць жыццё распарадчыка справядлівасці, “калі спачатку ён сам, перад уласным сумленнем, не вырашыць “для каго”, “як” і “чаму” чыніць правасуддзе”. “Так навучала святая Катарына Сіенская, калі сцвярджала, што для здзяйснення рэформы, трэба ў першую чаргу “рэфармаваць” саміх сябе”, - нагадаў Пантыфік.

Папа заклікаў да “культуры выпраўленчага правасуддзя” – адзінага супрацьяддзя ад помсты і забыцця, скіраванага на аднаўленне парушаных адносін і на спрыянне братэрству і грамадскаму сяброўству. Францішак заклікаў змагацца з рознымі формамі карупцыі і злоўжыванняў у судовай сферы, а таксама быць праніклівымі, каб умець адрозніваць дабро ад зла.

"Пераканаўчасць сведчання, любоў да справядлівасці, аўтарытэт, незалежнасць ад іншых галінаў улады і лаяльны плюралізм пазіцый з'яўляюцца супрацьяддзем, што не дазваляе пераважыць палітычнаму ўплыву, неэфектыўнасці і розным праявам несумленнасці", - дадаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што “менавіта на справядлівасці грунтуецца мір”. “Справядлівасць заўсёды павінна суправаджаць пошук міру, які прадугледжвае праўду і свабоду”, - сказаў ён, жадаючы сваім гасцям, каб у іх “не гасла пачуццё справядлівасці, падсілкаванае салідарнасцю з ахвярамі несправядлівасці, і ўмацаванае жаданнем убачыць спаўненне валадарства справядлівасці і міру”.
 

08 красавіка 2022, 13:23