Пантыфік: выйсці з магіл нашых страхаў разам з Уваскрослым
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Дні ў актаве Пасхі – быццам адзін дзень, у якім расцягваецца радасць Уваскрасення”, - нагадаў Пантыфік. Ён падкрэсліў, што Евангелле ў літургіі распавядае пра аб’яўленне Уваскрослага жанчынам, што прыйшлі да магілы, а таксама заклікаў прыняць “як пасхальны дар” словы, якія Езус сказаў ім.
Папа нагадаў, што ў першую чаргу Хрыстус падбадзёрыў жанчын простым заклікам: “Не бойцеся”. “Пан ведае, што страхі – гэта нашы штодзённыя ворагі: страх кануць у вечнасць, згубіць дарагіх людзей, захварэць, не здолець больш... Але на Пасху Езус перамог смерць. Таму ніхто іншы не можа больш пераканаўча сказаць нам: “Не бойцеся”. Пан кажа гэта менавіта там, ля магілы, з якой выйшаў пераможцам. Такім чынам Ён заклікае нас выйсці з магіл нашых страхаў... Ён ведае, што страх заўсёды затойваецца ля дзвярэй нашага сэрца і што маем патрэбу ў тым, каб чуць, як нам кажуць – “не бойцеся”: у раніцу Пасхі і раніцай кожнага дня. Брат, сястра, што верыш у Хрыста, не бойся! “Я – кажа табе Езус – спазнаў смерць дзеля цябе, узяў на сябе твой грэх. Зараз Я ўваскрос, каб сказаць Табе: Я тут, з табой, назаўсёды. Не бойцеся!”, - сцвердзіў Пантыфік.
Францішак адзначыў, што перамагчы страх дапамагаюць іншыя словы Езуса, прамоўленыя жанчынам у велікодную раніцу: “Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць”.
“Ідзіце, паведаміце. Страх заўсёды закрывае нас у саміх сябе: Езус, аднак, дапамагае нам выйсці і пасылае да іншых. Вось сродак. Мы можам сказаць: але я няздольны. Гэтыя жанчыны дакладна не былі найбольш адпаведнымі і падрыхтаванымі для абвяшчэння Уваскрослага, але Пану гэта не важна. Яму важна, каб ішлі і абвяшчалі, бо пасхальная радасць не для таго, каб захоўвалі яе для сябе. Радасць Хрыста ўмацоўваецца, калі прыносіцца ў дар, яна памнажаецца, калі дзелімся ёй. Калі адкрыемся і панясем Евангелле, нашы сэрцы стануць больш шырокімі і пераадолеюць страх. Вось таямніца – абвяшчаць, каб перамагчы страх”, - запэўніў Святы Айцец.
Францішак заўважыў, што перашкодай на шляху абвяшчэння можа стаць ілжывасць. Ён паставіў у прыклад евангельскую гісторыю жаўнераў, якія неслі варту ля магілы Езуса. “Ім заплацілі “даволі шмат срэбранікаў” і далі інструкцыі: “Скажыце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і выкралі Яго, калі мы спалі”... Вось ілжывасць, логіка ўтойвання, якая супрацьстаіць абвяшчэнню праўды. Гэта напамін таксама для нас: ілжывасць – на словах і ў жыцці – забруджвае абвяшчэнне, псуе нас унутры, вяртае ў магілу... Уваскрослы, аднак, хоча дапамагчы нам выйсці з магіл нашай ілжывасці і крывадушнасці”, - сказаў Пантыфік.
“Дарагія браты і сёстры, мы слушна абураемся, калі, дзякуючы інфармацыі, адкрываем падман і хлусню ў жыцці людзей і грамадства. Але давайце назавем па імені таксама ілжывасць, якую носім унутры сябе! І давайце паставім гэтыя нашыя цьмянасці перад святлом уваскрослага Езуса. Ён хоча прывесці на святло тое, што схаванае, каб зрабіць нас празрыстымі і ззяючымі сведкамі радасці Евангелля, праўды, якая робіць нас свабоднымі. Няхай Марыя, Маці Увасрослага, дапаможа нам перамагчы нашы страхі і адорыць нас гарачым прагненнем праўды”, - завяршыў разважанне Святы Айцец.