Святы Айцец даў парады дабрачынцам
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Аўдыенцыя была прымеркавана да 40-годдзя дабрачыннай структуры. Ля яе вытокаў стаяў італьянскі прадпрымальнік Марчэла Кандзія, які ў 1965 годзе прадаў усю сваё маёмасць і адправіўся ў Бразілію ў якасці свецкага місіянера. Там ён заснаваў шэраг бальніц, прытулкаў і сацыяльных цэнтраў, а незадоўга да смерці, у 1982 годзе, стварыў Фонд, які працягвае распачатую ім дзейнасць.
У прамове да сваіх гасцей Францішак нагадаў некалькі парадаў, якія Павел VI даў Марчэла Кандзіі: у першую чаргу ён заахвочваў місіянера ўключаць у сваю дзейнасць мясцовае насельніцтва, ствараць структуры, добра інтэграваныя ў мясцовую рэальнасць. Ён казаў: “Калі ствараеш шпіталь у Бразіліі, рабі яго бразільскім...”
Павел VI заклікаў місіянера пазбягаць “усялякага роду патэрналізму”, не навязваць свае ідэі іншым, нават з добрымі намерамі. “Кандзія быў прадпрымальнікам, ён прызвычаіўся прымаць рашэнні самастойна, таму павінен быў навучыцца кіраваць справамі па-іншаму”, - патлумачыў Францішак.
Яшчэ адна каштоўная парада, якую Павел VI даў Кандзіі: “Стварай шпіталь не толькі для бразільцаў, але разам з бразільцамі”. “Гэта важна, гэта агульная правіла дабрачыннасці: працаваць разам з людзьмі, якія з’яўляюцца адрасатамі служэння”, - дадаў Пантыфік.
Павел VI казаў, каб Марчэла Кандзія лічыў сваю справу споўненай, калі заснаваны ім шпіталь зможа функцыянаваць без яго дапамогі. “Таксама і гэта вельмі мудрае правіла: не прывязваць да сябе людзей і ініцыятывы, не рабіць сябе незаменным, але, наадварот, фармаваць супрацоўнікаў і забяспечваць стабільнасць і працягласць”, - патлумачыў Папа.
“Мне радасна, бо вы намагаецеся ісці гэтым шляхам. Насамрэч, Фонд не кіруе праектамі, а падтрымлівае мясцовыя супольнасці і місіянераў у ініцыятывах, накіраваных на дапамогу хворым, пракажоным, людзям, якія сутыкнуліся з рознымі сітуацыямі нястачы. Яшчэ адна ваша заслуга – гэта мінімальныя кошты ўтрымання Фонда: амаль усе сродкі ідуць на праекты ў Бразіліі”, - падкрэсліў Пантыфік, удзяляючы благаслаўленне ўсім прадстаўнікам дабрачыннай структуры.