Папа: няхай Уваскрослы адорыць суцяшэннем і надзеяй пакутуючых
На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве Уладарка Неба, якая 18 красавіка 2022 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Францішак скіраваў чарговы заклік да міру.
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Няхай ласка Уваскрослага Пана прынясе суцяшэнне і надзею ўсім, хто пакутуе: няхай ніхто не застанецца пакінутым! Няхай сваркі, войны, спрэчкі саступяць месца разуменню і прымірэнню”, - пажадаў Святы Айцец.
“Заўсёды трэба падкрэсліваць гэта слова: прымірэнне. Бо тое, што Езус споўніў на Кальварыі і сваім уваскрасеннем, гэта прымірэнне ўсіх народаў з Айцом, з Богам і паміж сабой", - дадаў ён.
“Бог выйграў вырашальную бітву супраць духа зла: давайце дазволім Яму перамагчы! Давайце адмовімся ад нашых людскіх планаў, давайце навярнёмся да Яго задум міру і справядлівасці”, - заклікаў Пантыфік.
18 красавіка 2022, 12:49