Аўдыенцыя для Прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана Аўдыенцыя для Прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана 

Святы Айцец сустрэўся з Прэм’ер-міністрам Венгрыі

21 красавіка 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі Прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана, які нядаўна быў пераабраны на пасаду кіраўніка ўраду ў чацвёрты раз.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Візіт венгерскага палітыка насіў прыватны характар, таму не былі прадугледжаны сустрэчы ў Дзяржаўным Сакратарыяце. Размова са Святым Айцом працягвалася каля 40 хвілін. Папа, між іншым, выказаў падзяку за намаганні, якія Венгрыя прыкладае на карысць прыняцця і абароны бежанцаў з Украіны.

Прэс-сакратар венгерскага ўраду Золтан Ковач на палях сустрэчы заявіў, што Прэм’ер-міністр папрасіў Пантыфіка падтрымаць намаганні яго краіны па дасягненні міру.

Віктар Орбан падарыў Францішку дзве кнігі пра кампазітара Бэла Бартака, а таксама калекцыю дыскаў з опернай музыкай і том Літургіі гадзін на Вялікі тыдзень, выдадзены ў 1750 годзе на англійскай і лацінскай мовах. Папа ўручыў свайму госцю бронзавы медальён, на якім змешчана выява святога Марціна Турскага, ураджэнца Паноніі, які дорыць плашч беднаму.

“Я выбраў яго для вас, бо святы Марцін – венгр, і я думаў пра тое, як вы, венгры, у гэты час прымаеце шматлікіх бежанцаў”, - сказаў Пантыфік. Акрамя медальёна, Орбан атрымаў у падарунак выданне сёлетняга Паслання Папы на Сусветны дзень міру, асобнік Дэкларацыі аб усеагульным братэрстве і кнігу пра набажэнства Statio Orbis, якое Францішак правёў у разгар пандэміі 27 сакавіка 2020 года.

Візіт у Ватыкан стаў першым замежным падарожжам Віктара Орбана пасля таго, як партыя Fidesz, якую ён узначальвае, перамагла на выбарах, атрымаўшы чарговы мандат на кіраванне ўрадам краіны. Галасаванне праходзіла 3 красавіка 2022 года.
 

22 красавіка 2022, 08:35