Святы Айцец: не замыкацца ў страху і абнавіць імкненне да дабра
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак заўважыў, што Евангелле сённяшняй літургіі (Ян 21,1-19) расказвае пра трэцяе аб’яўленне ўваскрослага Езуса апосталам. У цэнтры гэтай гісторыі, якая адбылася ля Галілейскага возера, быў Сымон Пётр, які разам з іншымі вучнямі вярнуўся да лоўлі рыбы. Але – кажа Евангелле, – “у тую ноч нічога не злавілі”, - зазначыў Папа.
“З намі таксама можа здарацца, што ад стомленасці, расчаравання, магчыма ад ляноты, мы забываем пра Пана і занядбоўваем вялікія рашэнні, якія прынялі, каб задавольвацца нечым іншым. Напрыклад, не прысвячаем час на размовы ў сям’і, аддаючы перавагу прыватным заняткам; забываем пра малітву, дазваляючы, каб нас паглынулі ўласныя патрэбы; забываем пра міласэрнасць, апраўдваючыся штодзённымі неадкладнымі сітуацыямі. Аднак, робячы так, мы застаемся расчараванымі: з пустымі сеткамі, як Пётр”, - папярэдзіў Францішак.
Святы Айцец заўважыў, што Езус вярнуўся на бераг Галілейскага возера і з пяшчотай заклікаў вучняў, называючы іх дзецьмі, зноў з адвагай закінуць сеткі, якія яшчэ раз напоўніліся неймаверным чынам. “Браты, сёстры, калі маем пустыя сеткі ў жыцці, гэта не час для наракання, абурэння, вяртання да старых заняткаў. Гэта час для таго, каб зноў вырушыць разам з Езусам, знайсці адвагу для таго, каб распачаць ад пачатку, каб выплыць на глыбіню разам з Ім”, - падкрэсліў Папа.
На думку Святога Айца, апосталу Пятру быў патрэбны “штуршок”: як толькі ён пачуў як Ян крыкнуў: “Гэта Пан!”, адразу кінуўся ў мора і паплыў да Езуса. “Гэта жэст любові, бо любоў ідзе далей за карыснае, выгоднае і абавязковае; любоў стварае захапленне, натхняе крэатыўныя і бескарыслівыя памкненні. Таму, у той час як Ян, самы малады, пазнаў Езуса, менавіта Пётр, самы стары, кінуўся Яму насустрач. І ў гэтым памкненні быў увесь энтузіязм, які Сымон, званы Пятром, адшукаў ізноў”, - сказаў Папа.
“Дарагія браты і сёстры, сёння ўваскрослы Езус кліча нас абнавіць энтузіязм, кліча імкнуцца да дабра без страху згубіць нешта, без вялікіх разлікаў, не чакаючы, калі пачнуць іншыя, бо, каб пайсці насустрач Езусу трэба з адвагай згубіць раўнавагу, рызыкнуць. Давайце спытаемся ў сябе: ці здольны я да парываў велікадушнасці або стрымліваю памкненні сэрца і замыкаюся ў звычках і страху?”, - сказаў Пантыфік.
Францішак нагадаў, што напрыканцы гэтага ўрыўку Езус тройчы звяртаўся да Пятра з пытаннем: “Ці любіш ты Мяне?”. “Уваскрослы пытаецца пра гэта таксама ў нас сёння: “Ці любіш ты Мяне?”. Бо Пасха Езуса жадае, каб і наша сэрца ўваскросла; бо вера – гэта не пытанне ведаў, а любові. “Ці любіш ты Мяне?”, пытаецца Езус у цябе і ў мяне, якія маем пустыя сеткі і баімся распачаць спачатку; якія не маем адвагі, каб кінуцца, якія згубілі запал. “Ці любіш ты Мяне?”, пытаецца Езус. Ад таго часу Пётр назаўжды перастаў лавіць рыбу і прысвяціў сябе служэнню Богу і братам, аж ад аддання жыцця тут, у месцы, дзе мы знаходзімся зараз. А мы, хочам любіць Езуса? Няхай Багародзіца, якая без вагання сказала “так” Пану, дапаможа нам вярнуць сябе імкненне да дабра”, - пажадаў Пантыфік на заканчэнне свайго нядзельнага разважання.