Францішак: разважліва кіраваць культурнай спадчынай Касцёла
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Форум праходзіць 4-5 красавіка 2022 года ў Папскім універсітэце Антаніянум у Рыме. Ён быў арганізаваны Кангрэгацыяй па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, Папскай рады па культуры, Канферэнцыяй Біскупаў Італіі, Папскім грыгарыянскім універсітэтам і Балонскім універсітэтам. У ім бяруць удзел прадстаўнікі міжнародных манаскіх аб’яднанняў.
Францішак нагадаў, што ад самага пачатку свайго пантыфікату звяртаў увагу на важнасць разважлівага кіравання касцёльнай культурнай спадчынай. “Касцёл асэнсоўвае сваю адказнасць ў справе захавання сваіх дабротаў і распараджэння імі ў святле сваёй евангелізацыйнай місіі, з асаблівым клопатам пра патрабуючых”, - напісаў Папа, падкрэсліваючы, што манаскія супольнасці, з уласцівай ім аўтаноміяй, кіруюць сваёй маёмасцю ад імя Касцёла і ў перспектыве агульнага дабра.
Папа зазначыў, што інстытута кансэкраванага жыцця і таварыствы апостальскага жыцця, заўсёды садзейнічалі выкарыстанню мастацтва і культуры для пашырэння веры, з’яўляюцца ахоўнікамі значнай часткі культурнай спадчыны Касцёла і чалавецтва: архіваў, кніг, мастацкіх і літургічных твораў, нерухомасці.
Пантыфік звярнуў увагу на важнасць належнай каталагізацыі культурнай спадчыны для “празрыстасці і разважлівасці ў кіраванні, улічвачваючы тысячы прыродных і чалавечых небяспек, якія пагражаюць гэтым крохкім скарбам”. Таксама важна “вырашыць праблемы, уласцівыя кіраванню культурнай спадчынай, як з пункту гледжання іх эканамічнай устойлівасці, так і ўкладу, які яны могуць зрабіць у евангелізацыю і паглыбленне веры”, - дадаў ён.
Папа падкрэсліў, што неабходна задумацца пра “паўторнае выкарыстанне нерухомай маёмасці, якая больш не выкарыстоўваецца”: гэта патрэба сёння становіцца ўсё больш актуальнай не толькі з-за колькаснага скарачэння супольнасцяў кансэкраванага жыцця і неабходнасці пошуку рэсурсаў для дагляду за пажылымі і хворымі братамі і сёстрамі, але таксама, у сувязі з паскарэннем заканадаўчых новаўвядзенняў і з цяжкасцямі, звязанымі з утрыманнем і захаваннем маёмасці.
Праблему трэба вырашаць “не з дапамогай імправізаваных ці паспешлівых рашэнняў”, а ў рамках дальнабачнага падыходу, які будзе ўлічваць розныя аспекты. Гэта неабходна ў першую чаргу для таго, каб пазбегнуць умяшання інтарэсаў “беспрынцыповых” асоб, што можа прывесці да спакусы для вернікаў, - падпярэдзіў Святы Айцец.