Аўдыенцыя для ўдзельнікаў сімпозіума аб ахове біяразнастайнасці Аўдыенцыя для ўдзельнікаў сімпозіума аб ахове біяразнастайнасці 

Пантыфік: вучыць культуры клопату пра людзей і стварэнне

Адукацыя з’яўляецца сродкам будавання братэрства, міру паміж народамі і дыялогу паміж рэлігіямі, - сказаў Папа ўдзельнікам сімпозіума аб ахове біяразнастайнасці, арганізаванага Карабінэрамі Італіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Вашы намаганні спрыяюць умацаванню тэрмінова патрэбнага і адказнага дыялога аб будучыні планеты, “бо экалагічны выклік і яго чалавечыя карані датычаць і закранаюць усіх нас”, - заўважыў Пантыфік падчас аўдыенцыі, якая 21 мая 2022 года прайшла ў ватыканскім Апостальскім палацы.

Праз сузіранне прыгажосці прыроды можна адкрыць для сябе Бога, бо “калі з захапленнем глядзім на неба і зоркі ці на крыштальную ваду ў ручаі”, тады сузіраем іх Творцу, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што стварэнне было дадзена чалавеку, каб ён дасягнуў сваёй поўнай рэалізацыі, пераадольваючы эгаізм і адчуваючы радасць ад разумення таго, што яго прыгажосць належыць усім.

Францішак звярнуў увагу на патрэбу ў цярплівым братэрстве паміж людзьмі і стварэннем, бо “жыццё і гісторыя паказваюць, што мы не можам быць самі сабой без іншага ці без іншых”. “У свеце, дзе “ўсё цесна звязана паміж сабою” трэба вылучаць новыя педагагічныя парадыгмы, якія павінны прасоўвацца ў рамках адукацыйных працэсаў, дапамагаючы дыялогу паміж ведамі і спрыяючы развіццю культуры клопату”, - сказаў Папа.

“Гэта культура, насамрэч, шчыльна звязана з інклюзіўным выхаваннем, якое трымаецца на стаўпах інтэгральнай экалогіі”, дадаў Пантыфік, падкрэсліваючы важнасць аб’яднання намаганняў у сферы адукацыі і выхавання, якія павінны быць уважлівай да тэмы клопату і абароны нашага супольнага дома.

“Праз нашы таленты мы ўсе пакліканы будаваць “глабальную вёску клопату”, ствараць сетку міжчалавечых стасункаў, якія будуць адкідваць усе формы дыскрымінацыі, насілля і злоўжыванняў уладай. У гэтай нашай “вёсцы”, адукацыя становіцца носьбітам братэрства і творцам міру паміж народамі, а таксама дыялогу паміж рэлігіямі”, - падкрэсліў Пантыфік.
 

21 мая 2022, 10:04