Пантыфік да законніц: прыняць сваю кволасць і схіліцца над іншымі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У тэксце прамовы, уручанай сваім госцям, Францішак спаслаўся на евангельскі ўрывак пра тое, як Езус абмыў ногі сваім вучням, паказваючы ім такім чынам, што для таго каб служыць, трэба спачатку прызнаць уласную слабасць і ўразлівасць. Папа заклікаў генеральных настаяцельніц паразважаць над сваім служэннем у святле гэтай сцэны.
Святы Айцец заўважыў, што ў сучасным свеце інстытутам кансэкраванага жыцця бывае цяжка прыняць сваю ўразлівасць, бо яны прызвычаіліся да таго, што дзякуючы сваёй дзейнасці маюць грамадскую вагу.
“Крызіс, які мы перажываем, прымушае нас адчуць нашу слабасць і прыняць яе”, - падкрэсліў Папа, зазначаючы, што быць пакорнымі не значыць замкнуцца ў сваіх ранах і супярэчнасцях, але адкрыцца на адносіны, на абмен, які робіць шляхетнымі і аздараўляе, як гэта адбылося з Пятром, і з якога пачынаецца новы шлях разам з Езусам.
Папа заклікаў генеральных настаяцельніц пастаянна задавацца пытаннем пра тое, што Святы Дух просіць іх рабіць у святле знакаў часу, якіх змен патрабуе, каб улада, якую ажыццяўляюць, была евангельскай, каб не рабіла ран, але дапамагала расці.
“Не бойцеся пошуку новых форм служэння і новых спосабаў евангельскага ажыццяўлення ўлады”, - пажадаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што пачынаць гэты пошук трэба з набліжэння да ног параненага чалавецтва, у першую чаргу да “параненых” сясцёр у іх супольнасцях.
Папа заклікаў манахінь паразважаць пра тое, чаго сёння Касцёл чакае ад кансэкраванага жыцця на сінадальным шляху. “Калі сінадальнасць – гэта перш за ўсё час слухання і распазнання, то самы важны ўнёсак, які вы можаце зрабіць – гэта быць адкрытымі на дзеянне Святога Духа і на пакору па прыкладзе Езуса, каб выходзіць насустрач бліжнім у патрэбе”, - дадаў ён.
Францішак заўважыў, што акрамя ўдзелу ў сінадальным шляху на ўзроўні мясцовага Касцёла, важна таксама, каб манаскія супольнасці ішлі сваім сінадальным шляхам. Гэта цудоўная магчымасць паслухаць адзін аднаго, задаць пытанні пра важнейшыя элементы манаскага жыцця ў сучаснасці, а таксама абмеркаваць нязручныя пытанні.