Святы Айцец: маліцца аб веры і духу служэння для моладзі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Гаворачы пра сям’ю, я хачу ў першую чаргу звярнуцца да моладзі. Калі думаю пра прыклад, з якім вы, моладзь, можаце атаясаміць сябе, мне заўсёды прыходзіць на думку наша Маці, Марыя: Яе мужнасць, здольнасць слухаць і адданасць служэнню. Яна мела адвагу і рашучасць, каб сказаць “так” Пану. Вы, маладыя людзі, якія хочаце пабудаваць нешта новае, лепшы свет, бярыце прыклад з Яе, рызыкуйце!
Не забывайце: для таго, каб наследаваць Марыю, трэба распазнаць і адкрыць тое, да чаго Езус кліча вас, а не тое, што, на вашу думку, можаце зрабіць вы. У гэтым распазнанні вельмі карысна прыслухоўвацца да бабуль і дзядуль. У іх словах вы знойдзеце мудрасць, якая дапаможа вам выйсці за рамкі праблем бягучага моманту. Яны дадуць вашым памкненням больш шырокую перспектыву.
Молімся, браты і сёстры, каб маладыя людзі, пакліканыя да паўнаты жыцця, адкрылі ў Марыі здольнасць слухаць, глыбіню праніклівасці, адвагу веры і адданасць служэнню”, - абвясціў сваю інтэнцыю Святы Айцец.