Падчас аўдыенцыі для прадстаўніц кангрэгацыі Пабожных настаўніц Філіпіні Падчас аўдыенцыі для прадстаўніц кангрэгацыі Пабожных настаўніц Філіпіні 

Пантыфік: мы вучым не таму, што ведаем, а таму, што мы ёсць

Мала напоўніць галаву ідэямі, гэта не навучанне; навучыць – гэта падзяліцца жыццём, - адзначыў Папа, сустракаючыся 14 мая 2022 года з прадстаўніцамі кангрэгацыі Пабожных настаўніц Філіпіні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На пачатку Францішак павіншаваў сясцёр з 350-годдзем з дня нараджэння святой Лучыі Філіпіні, заснавальніцы іх манаскай супольнасці.

Пантыфік звярнуў увагу на значэнне паняцця – настаўнік. “Мы вучым не таму, што ведаем, а таму, што мы ёсць. Іншым мы перадаём тое, што ў нас унутры. (...) Быць настаўнікам – гэта жыць місіяй”, - адзначыў ён.

“Бог перадае Сябе толькі тады, калі жыве ў нашым жыцці, калі напаўняе нашы пачуцці, калі аб’ядноўвае нашы думкі і натхняе нашы дзеянні. І што гэтаму доказ? Наша адкрытасць на іншых: хто ведае Пана, не замыкаецца ў сакрыстыі, а жыве, каб служыць, не клапоцячыся пра тое, дзе і што яго просяць зрабіць”, - дадаў Святы Айцец, гаворачы пра рэлігійны аспект навучання.

Папа звярнуў увагу на цяжкасці сённяшняга манаскага жыцця, адной з якіх з’яўляецца праблема пакліканняў. Паводле яго рашэнне ляжыць у правільных акцэнтах: нам трэба паставіць Хрыста ў цэнтр місіі і адмовіцца ад ролі галоўных герояў. “Гэта тое, што дазваляе Езусу дзейнічаць у нас так, як Ён жадае, і вучыць нас пераадольваць прымірэнне з лёсам і настальгію, чытаць наш складаны век, мужна ісці новымі шляхамі ў нагу з часам”, - падзяліўся Францішак.

“Бог не можа перастаць быць маім Айцом”, - нагадаў думку святой Лучыі Філіпіні Папа. “Давайце заўсёды памятаць пра гэта, асабліва ў змрочныя хвіліны: Бог ніколі не пакідае нас, бо не можа пакінуць, застаючыся Айцом”.

Пабожныя настаўніцы Філіпіні кіруюць школамі, бальніцамі, дзіцячымі дамамі і ўдзельнічаюць у іншых ініцыятывах у Албаніі, Бразіліі, Эрытрэі, Эфіопіі, Індыі, Італіі, Ірландыі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі і Злучаных Штатах.
 

14 мая 2022, 12:39