Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі супольнасці Village de François Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі супольнасці Village de François  

Святы Айцец: не выключаць з “глабальнай вёскі” нікога

Чалавек дастойны таго, каб яго любілі, суправаджалі і ўключалі ў сетку канструктыўных адносін, якія ўзбагачаюць, - з такімі словамі Папа звярнуўся да прадстаўнікоў новай каталіцкай супольнасці з Францыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Village de François – гэта касцёльнае асяроддзе, якое выходзіць са звыклых рамак і прапануе нешта іншае; гэта Касцёл як “палявы шпіталь”, які больш клапоціцца пра тых, хто пакутуе, чым пра абарону ўласных інтарэсаў, прымаючы на сябе рызыку навізны, каб быць больш верным Евангеллю”, - так Францішак ахарактарызаваў супольнасць, чальцоў якой прыняў 14 мая 2022 года ў Ватыкане.

Папа заўважыў, што вызначэнне свету як “вёскі” стала сёння звыклым: “паскоранае развіццё транспартных сродкаў і камунікацый, сацыяльных сетак сведчыць аб тым, што ўсе мы сталі бліжэй адно да аднаго”. Тым не менш, заўважыў ён, “многія людзі засталіся на ўскрайку гэтай так званай вёскі, зарэзерваванай для прывілеяванай эліты”.

Пантыфік спадзяецца, што Village de François дапаможа нанова адкрыць значэнне сапраўднай вёскі, дзе існуе тканіна канкрэтных чалавечых адносін, узаемная падтрымка, увага да тых, хто мае патрэбу, суіснаванне пакаленняў і паважлівы клопат аб стварэнні, якое нас акружае.

Village de François, па сутнасці, была задумана на аснове пераканання, што “ўсё ўзаемазвязана”, - звярнуў увагу Святы Айцец. Тут з павагай ставяцца як да навакольнага асяроддзя, так і да чалавечага жыцця ад яго зачацця да натуральнай смерці, тут моляцца і развіваюць братэрства, тут жывуць разам некалькі пакаленняў.

“Я разлічваю на вашае сведчанне аб тым, што жыццё паводле Евангелля палягае на збалансаваным практыкаванні ўсіх гэтых аспектаў. Мы часта схільныя мабілізавацца з вялікім энтузіязмам для вельмі важных спраў, але губляем з-пад увагі агульную карціну. Канкрэтны вопыт паказвае, аднак, што трэба любіць, суправаджаць і ўключаць у сетку канструктыўных адносін, якія ўзбагачаюць, чалавечую асобу ў цэлым”, - звярнуў увагу Францішак.

Village de François месціцца ў старажытным трапісцкім абацтве. І ў гэтым Папа бачыць сімвал важнасці спалучэння простага і працавітага жыцця з духоўным развіццём і адносінамі з Езусам Хрыстом. Ён паабяцаў сваім гасцям “малітвай суправаджаць іх на гэтым цяжкім, але радасным і вызваляючым шляху”.
 

14 мая 2022, 12:04