Пантыфік прыняў прэм’ераў Паўночнай Македоніі і Балгарыі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Палітыкі прыбылі ў Ватыкан з візітам з нагоды Дня славянскага пісьменства. Ён адзначаецца славянскімі народамі, якія выкарыстоўваюць кірылічны алфавіт, 24 мая. У гэты дзень Праваслаўныя Цэрквы ўшаноўваюць памяць святых Кірыла і Мятода, асветнікаў і апосталаў славян.
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што старшыня паўночна-македонскага ўраду падарыў Папу копію благаслаўлення Клімента Охрыдскага, ружанец з жэмчуга з горада Охрыд і дыскі з музыкай Владка Стэфаноўскага.
Балгарскі прэм’ер уручыў Папу яслі Божага Нараджэння, зробленыя з воўны ў Цэнтры Нараджэння Хрыстовага, звязаным з Апостальскім грэка-каталіцкім экзархатам у Сафіі, і традыцыйны дыван, вытканы ў горадзе Чыпраўцы.
У сваю чаргу Святы Айцец падарыў палітыкам памятны медаль, спецыяльныя выданні сваіх дакументаў, прысвечаных міру і братэрству, і некалькі кніг, падрыхтаваных у Ватыканскім выдавецтве.