Аўдыенцыя для новых паслоў пры Святым Пасадзе Аўдыенцыя для новых паслоў пры Святым Пасадзе 

Пантыфік: цёмная хмара вайны апусцілася на Усходнюю Еўропу

Францішак прыняў даверчыя граматы новых паслоў Пакістана, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Бурундзі і Катара пры Святым Пасадзе. Цырымонія прайшла 19 мая 2022 года ў Апостальскім палацы Ватыкана.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Не існуе ідэальнага перыяда, каб пачынаць новую місію, новую працу”, але актуальны перыяд безумоўна з’яўляецца асабліва складаным, адзначыў Папа, звяртаючыся да дыпламатаў.

“Апошні раз я сустракаўся з вашымі калегамі ў студзені, калі чалавечая сям’і пачынала ўздыхаць з палёгкай, бо мы павольна, але ўпэўнена вызваляліся ад пандэміі. Здавалася, што мы, нарэшце, зможам вярнуцца ў пэўным сэнсе да нармальнага жыцця, хоць і памятаючы пра ўрок, які атрымалі на працягу апошніх двух гадоў. Затым, цёмная хмара вайны апусцілася на Усходнюю Еўропу, прамым ці ўскосным чынам ахінуўшы ўвесь свет”, - заўважыў Пантыфік.

“Перажыўшы разбуральныя наступствы двух сусветных войнаў і ядзерных пагроз халоднай вайны, разам з узрастаннем павагі да ролі міжнароднага права і стварэннем палітычных і эканамічных мультынацыянальных арганізацый, пакліканых спрыяць згуртаванасці сусветнай супольнасці, большасць людзей думала, што вайна ў Еўропе будзе далёкім успамінам; лічыла, што, магчыма, дзеці будуць пытацца ў маці: “Мама, што такое вайна?”. Але так не адбылося”, - з жалем канстатаваў Францішак.

Папа заўважыў, што трагедыя вайны абудзіла моцную салідарнасць і пачуццё братэрства, якія выразіліся ў аказанні гуманітарнай дапамогі ахвярам канфлікту. Ён асаблівым чынам узгадаў пра краіны, якія прымаюць бежанцаў, не думаючы пра выдаткі, а таксама пра сем’і, якія адкрылі дзверы сваіх дамоў для людзей у патрэбе.

Францішак заклікаў не забываць і пра іншыя канфлікты і цяжкія сітуацыі, якія ёсць у свеце, падкрэсліваючы, што ўсе людзі адносяцца да адзінай чалавечай сям’і, а “гуманітарная падтрымка і пачуццё братэрства да тых, хто пакутуе, не павінны грунтавацца на геаграфіі ці асабістых інтарэсах”.

Святы Айцец нагадаў, што Апостальская Сталіца выкарыстоўвае шматлікія каналы, працуючы на карысць мірнага вырашэння канфліктных сітуацый і змяншэння пакут, выкліканых іншымі сацыяльнымі праблемамі. Ён зазначыў, што “праблемы, якія датычаць усёй чалавечай сям’і, патрабуюць супольнага адказу з боку міжнароднай супольнасці, кожны член якой павінен зрабіць сваю частку”.

“Дарагія паслы, вы маеце прывілеяваную ролю ў гэтым сэнсе. Вы вельмі добра ведаеце, што вайна – заўсёды з’яўляецца паразай для чалавецтва і супярэчыць важнаму служэнню, якое выконваеце, імкнучыся будаваць культуру сустрэчы праз дыялог, і заахвочваючы да ўзаемнага разумення між народамі, а таксама падтрымліваючы высакародныя прынцыпы міжнароднага права”, - дадаў Францішак.
 

19 мая 2022, 11:39