Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: інвестыцыі ў адукацыю – лепшы ўклад у будучыню краіны

Універсітэты павінны спрыяць цэласнаму развіццю чалавека і сустрэчы культур, - падкрэсліў Папа падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Мачэрацкага ўніверсітэта, якая прайшла 9 мая 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец заўважыў, што “ўніверсітэт павінен быць месцам адкрытасці розуму на гарызонты ведаў, жыцця, свету, гісторыі”. Ён нагадаў, што кожны чалавек, а значыць і кожны студэнт, “які пераступае парог універсітэта і наведвае яго на працягу некалькіх гадоў, ужо сам па сабе з’яўляецца сусветам”.

“Такім чынам ва ўніверсітэце сустракаюцца два сусветы: сусвет свету, ведаў і сусвет чалавека”, - падкрэсліў Папа. Універсітэты павінны спрыяць такой сустрэчы, каб “гарызонт свету і гарызонт асобы”, маглі “весці дыялог, праз які будзе адбывацца ўзрастанне ўсяго чалавецтва”.

У першую чаргу такім чынам будзе развівацца асоба студэнта, “які фарміруецца, сталее ў ведах і свабодзе, у здольнасці думаць і дзейнічаць, крытычна і крэатыўна ўдзельнічаць у сацыяльным і грамадскім жыцці са сваімі культурнымі і прафесійнымі кампетэнцыямі”, - сказаў Францішак.

Пантыфік нагадаў словы святога Джона Генры Ньюмана, які пісаў, што ва ўніверсітэцкім асяроддзі малады чалавек “набывае здольнасць душы, якая застанецца на ўсё жыццё і рысамі якой з’яўляюцца свабода, роўнасць, спакой, умеркаванасць і мудрасць”.

“Чалавечае развіццё асобы не можа не мець станоўчага ўплыву на грамадства. Таму, інвеставаць у фармацыю, у школы і ўніверсітэты – гэта лепшы спосаб інвеставаць у будучыню краіны. Мы ведаем гэта, гэта часта паўтараецца, але паслядоўныя рашэнні потым прымаюцца не заўсёды”, - з жалем зазначыў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што ўніверсітэт павінен спрыяць таксама сустрэчы паміж рознымі культурамі. “Гэта не адбываецца аўтаматычна” і “не дастаткова сабраць разам прафесараў і студэнтаў рознага паходжання”, але трэба спрыяць сталенню “культуры сустрэчы”, а ўніверсітэт – “прывілеяванае месца для таго, каб рабіць гэта”.

Папа нагадаў, што з Мачэраты паходзіў “вялікі чэмпіён у гэтай культуры” – айцец Матэа Рычы, італьянскі місіянер, навуковец, заснавальнік езуіцкай місіі ў Пекіне. “Я ўдзячны вам не толькі за захаванне яго памяці і прасоўванне даследаванняў аб ім, але таксама за імкненне актуалізаваць яго прыклад міжкультурнага дыялогу. Якая вялікая патрэба існуе сёння, на ўсіх узроўнях, з рашучасцю ісці гэтым шляхам – шляхам дыялогу!”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

09 мая 2022, 11:52