Папа падчас кананізацыі: святасць – гэта шмат штодзённай любові
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Каталіцкі Касцёл атрымаў дзесяць новых святых: кармеліта Ціта Брандсму; італьянскую законніцу Марыю ад Езуса; французскую законніцу Марыю Рыўе; індыйскага свецкага верніка Лазара Пілая; французскага святара Сэрара дэ Бю; італьянскіх святароў Луіджы Марыю Палацола і Джусціна Марыю Русаліла; французскага святара Шарля дэ Фуко; італьянскіх законніц Марыю Франчэску ад Езуса і Марыю Даменіку Мантовані.
Святы Айцец нагадаў пра запавет Езуса: “Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго” (Ян 13, 34). Ён адзначыў, што мерай гэтай любові з’яўляецца сам Збаўца. Гаворка ідзе пра любоў да поўнай самааддачы. Больш за тое, гэтыя словы Езус прамаўляе ў цёмную ноч здрады, пацвярджаючы, што Ён любіць нас, і гэта самае галоўнае.
“У цэнтры не наша эфектыўнасць і заслугі, а безумоўная і бязвыплатная Божая любоў, якую мы не заслужылі. Наша хрысціянства пачынаецца не з вучэнняў і спраў, але з захаплення тым, што нас любяць яшчэ да таго, як намі будзе дадзены адказ”, - адзначыў Францішак.
Ён падкрэсліў, што гэта ісціна патрабуе ад кожнага радыкальнага навяртання да ідэі святасці. “Быць вучнем Езуса і ісці шляхам святасці – гэта перш за ўсё дазволіць сіле Божай любові перамяніць нас. Не забывайма пра першынство Бога перад “я”, Духа перад целам, ласкі перад справамі”, - папярэдзіў Святы Айцец.
Затым Папа нагадаў, што мы можам любіць толькі таму, што Хрыстус палюбіў нас, “таму што Ён дае нашым сэрцам свайго Духа, Духа святасці, любоў, якая ацаляе і перамяняе нас”. Дзякуючы гэтаму, “мы можам прымаць рашэнні і здзяйсняць учынкі любові ў любой сітуацыі і ў адносінах да кожнага брата і сястры, якіх мы сустракаем”.
Святы Айцец падкрэсліў вымярэнне любові, якое выяўляецца ў служэнні: “не ставіць на першае месца свае ўласныя інтарэсы; ачысціць сябе ад ядаў прагнасці і канкурэнцыі; змагацца з ракам абыякавасці і чарвяком канцэнтрацыі ўсяго на сабе; дзяліцца харызматамі і дарамі, якія даў нам Бог”. Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра адмову ад эгаізму і перамену жыцця ў дар для іншых. “Святасць – гэта не некалькі гераічных жэстаў, але шмат штодзённай любові”, - звярнуў увагу Францішак, спасылаючыся на прыклад абвешчанага святым Шарля дэ Фуко.
Пантыфік заахвоціў вернікаў з энтузіязмам прымаць сваё пакліканне, бо “кожны з нас пакліканы да святасці, да святасці адзінай і непаўторнай”. “Так, у Пана ёсць план любові для кожнага, Ён мае мару для твайго жыцця. Прымі Яго. І рэалізуй гэты план з радасцю”, - заклікаў Папа напрыканцы сваёй гаміліі.